Палажэнне аб Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова Савета Міністраў

Рэспублікі Беларусь

30.10.2001 № 1558

 

ПАЛАЖЭННЕ

Аб МІНІСТЭРСТВЕ КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

 

1. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (Мінкультуры) з'яўляецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, які праводзіць дзяржаўную палітыку ў галіне культуры, мастацтва, гісторыка-культурнай спадчыны (далей - сфера культуры), і падпарадкоўваецца непасрэдна Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь.

 

2. У сваёй дзейнасці Мінкультуры кіруецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь i гэтым Палажэннем.

 

2-1. У структуру Мінкультуры ўваходзяць дэпартамент па кінематаграфіі з правамі юрыдычнай асобы, кіравання, аддзелы і іншыя сектары.

 

2-2. У сістэму Мінкультуры ўваходзяць структурныя падраздзяленні аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне культуры, і падначаленыя Мінкультуры дзяржаўныя арганізацыі.

 

3. Мінкультуры ажыццяўляе ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь рэгуляванне дзейнасці арганізацый у сферы культуры, падтрымлівае дзейнасць творчых саюзаў і іншых грамадскіх аб'яднанняў, якія спрыяюць развіццю культуры ў рэспубліцы.

 

4. Асноўнымі задачамі Мінкультуры з'яўляюцца:

 

4.1. ажыццяўленне дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры, якая забяспечвае рэалізацыю правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь на свабоду мастацкай творчасці, удзел у культурным жыцці і карыстанне дасягненнямі культуры, доступ да культурных каштоўнасцей;

 

4.2. распрацоўка дзяржаўных праграм і забеспячэнне дзяржаўных гарантый у сферы культуры, арганізацыя выканання актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь па пытаннях культуры;

 

4.3. забеспячэнне захавання нацыянальнай культурнай спадчыны, якая мае значэнне для народа Беларусі, яго духоўнага і маральнага ўдасканалення, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці;

 

4.4. вызначэнне навукова абгрунтаваных напрамкаў эканамічнага і вытворча-тэхнічнага развіцця галіны, аптымальнай палітыкі інвестыцый;

 

4.5. каардынацыя правядзення навуковых, праектных, рэстаўрацыйных і кансервацыйных работ у мэтах захавання гісторыка-культурнай спадчыны;

 

4.6. падрыхтоўка і перападрыхтоўка кадраў для арганізацый культуры, распрацоўка і рэалізацыя мер па сацыяльна-прававой абароне работнікаў галіны;

 

4.7. садзейнічанне развіццю культур нацыянальных меншасцяў Беларусі;

 

4.8. развіццё супрацоўніцтва з замежнымі краінамі ў сферы культуры.

 

5. Мінкультуры ў адпаведнасці з ускладзенымі на яго задачамі выконвае наступныя функцыі:

 

5.1. распрацоўвае i ажыццяўляе дзяржаўныя праграмы комплекснага развіцця ў сферы культуры, далучэння насельнiцтва Рэспублiкi Беларусь да  здабыткаў нацыянальнай і сусветнай культурнай спадчыны;

 

5.2. вызначае агульную стратэгію сацыяльна-эканамічнага і навукова-тэхнічнага развіцця галіны;

 

5.3. аналізуе стан і прагназуе тэндэнцыі развіцця ў сферы культуры, рыхтуе прапановы аб прыярытэтных напрамках яе дзяржаўнай падтрымкі;

 

5.3-1. ажыццяўляе ў адпаведнасці з заканадаўствам кіраванне прыналежнымі Рэспубліцы Беларусь і перададзенымі ў кіраванне Мінкультуры акцыямі (долямі ў статутных фондах) гаспадарчых таварыстваў згодна з дадаткам;

 

5.4. прымае ў адпаведнасці з заканадаўствам рашэнні аб стварэнні, рэарганізацыі і ліквідацыі падпарадкаваных арганізацый, зацвярджае іх статуты;

 

5.5. рэалізуе ў адпаведнасці з заканадаўствам правы на валоданне, карыстанне і распараджэнне маёмасцю, якая знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці, у тым ліку перададзеныя ва ўстаноўленым парадку ў кіраванне акцыямі (долямі ў статутных фондах) гаспадарчых таварыстваў;

 

5.5-1. рэалізуе ў адпаведнасці з заканадаўствам правы валодання, карыстання і распараджэння інфармацыйнымі рэсурсамі, інфармацыйнымі сістэмамі, інфармацыйнымі сеткамі, праграмна-тэхнічнымі сродкамі, сфармаванымі, створанымі і (або) набытымі ў сферы культуры за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, дзяржаўных пазабюджэтных фондаў, а таксама сродкаў дзяржаўных юрыдычных асоб;

 

5.6. ажыццяўляе ва ўстаноўленым парадку кантроль за фінансава-гаспадарчай дзейнасцю падпарадкаваных арганізацый, прымае меры па забеспячэнню эфектыўнага выкарыстання і захаванасці замацаванай за імі дзяржаўнай маёмасці;

 

5.6-1. вызначае на падставе актаў заканадаўства для падпарадкаваных арганізацый парадак кіравання дзяржаўнай маёмасцю;

 

5.7. садзейнічае выкананню падпарадкаванымі арганізацыямі заказаў на работы і паслугі, пастаўку тавараў народнага спажывання і іншай прадукцыі для дзяржаўных патрэб;

 

5.8. ажыццяўляе каардынацыю дзейнасці камерцыйных і некамерцыйных арганізацый усіх формаў уласнасці ў сферы прафесійнага мастацтва, народнай творчасці шляхам выкарыстання сваiх правоў, эканамiчных стымулаў, праз дзяржаўны сацыяльна-творчы заказ;

 

5.8-1. зацвярджае ва ўстаноўленым парадку:

пералік устаноў пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры і палажэнні аб гэтых установах;

тыпавыя штаты і нарматывы колькасці работнікаў арганізацый культуры, якія фінансуюцца з бюджэту, устаноў, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі, і пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры;

галіновыя нормы працы для аднародных работ;

пералік катэгорый работнікаў арганізацый культуры, якім усталёўваецца скарочаная працягласць працоўнага часу;

парадак прысваення квалiфiкацыйных катэгорый работнікам культуры;

парадак і ўмовы правядзення конкурсу на замяшчэнне пасад па творчых спецыяльнасцях;

 

5.9. распрацоўвае i ажыццяўляе мерапрыемствы па ахове працы і выкананню правілаў тэхнікі бяспекі ў арганізацыях галіны;

 

5.10. арганізуе правядзенне рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый, фестываляў, конкурсаў, аглядаў прафесійнага мастацтва і народнай творчасці, святаў, мастацкіх выстаў і іншых мерапрыемстваў, звязаных з паказам і прапагандай дасягненняў культуры і мастацтва рэспублікі і замежных краін;

 

5.11. узгадняе ў адпаведнасці з заканадаўствам палажэнні аб структурных падраздзяленнях аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне культуры;

 

05.12. ва ўстаноўленым парадку прадстаўляе:

лепшых работнікаў культуры і мастацтва да ўзнагароджання, прысваення ганаровых званняў, прысуджэння прэмій;

прафесійныя і непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці да прысваення звання "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь" і "Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь";

прафесійныя калектывы мастацкай творчасці, якія з'яўляюцца арганізацыямі культуры, да прысваення статусу "акадэмічны";

 

5.12-1. ва ўстаноўленым парадку прадстаўляе музеі, якія зарэгістраваны ў якасці юрыдычных асоб, тэатральна-відовішчныя ўстановы, прафесійныя калектывы мастацкай творчасці, якія з'яўляюцца арганізацыямі культуры, да прысваення статусу "нацыянальны", па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь пацвярджае статус "нацыянальны", накіроўвае ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прапановы аб пазбаўленні статусу "нацыянальны";

 

5.13. ва ўстаноўленым парадку прысвойвае непрафесійным (аматарскім) калектывам мастацкай творчасці найменне "народны" ("узорны");

 

5.14. распрацоўвае i ва ўстаноўленым парадку ўносіць у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прапановы аб стаўках аўтарскага ўзнагароджання за творы выяўленчага мастацтва і кінамастацтва, літаратурныя, драматычныя і музычныя творы для публiчнага выканання;

 

5.15. сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам распрацоўвае навукова абгрунтаваныя паказчыкі забяспечанасці насельніцтва паслугамі арганізацый культуры і мастацтва;

 

5.16. распрацоўвае навукова абгрунтаваныя рэкамендацыі па ўдасканаленні зместу, формаў і метадаў культурна-асветніцкай дзейнасці, адраджэнню народных традыцый, абрадаў, святаў, арганiзацыi змястоўнага адпачынку насельнiцтва i забяспечвае iх рэалізацыю, аказвае метадычную дапамогу арганізацыям культуры рэспублікі ўсіх формаў уласнасці і падпарадкаванасці;

 

5.17. падтрымлівае творчыя ініцыятывы насельніцтва, садзейнічае стварэнню і дзейнасці культурна-асветніцкіх аб'яднанняў, у тым ліку нацыянальна-культурных;

 

5.18. вядзе работу, накіраваную на стварэнне і прапаганду высокамастацкіх твораў мастацтва, набывае творы драматычнага, музычнага, харэаграфічнага, цыркавога, выяўленчага, манументальнага, дэкаратыўна-прыкладнога, дызайнерскага мастацтва і літаратуры, кіна-, фотадызайна;

 

5.19. ажыццяўляе дзяржаўны заказ на гастрольную дзейнасць тэатраў і канцэртных арганізацый, на пастаноўку твораў драматургіі і музычнага мастацтва, кінематаграфіі, а таксама на стварэнне твораў драматычнага, музычнага, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога і манументальнага мастацтва;

 

5.20. каардынуе дзейнасць арганізацый кіна-, відэапракату і кіна-, відэасеткі ўсіх формаў уласнасці і падпарадкаванасці ў мэтах фарміравання кіна, відэарынку рэспублікі і задавальнення патрэбаў насельніцтва ў кіна-, відэапрадукцыі;

 

5.21. распрацоўвае i ажыццяўляе правядзенне арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне пракатных і эталонных кіна-, відэакопій, іх зыходных матэрыялаў і вяртанне матэрыялаў фільмаў беларускай вытворчасці з замежных краін;

 

5.22. выключаны;

 

5.23. забяспечвае рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне рэстаўрацыі, кансервацыі, рамонту і захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей;

 

5.24. забяспечвае складанне Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь;

 

5.25. забяспечвае дзейнасць Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь;

 

5.26. прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у міжнародных структурах па вывучэнню, уліку, ахове, рэстаўрацыі і выкарыстанню аб'ектаў, якія адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама пры наладжванні кантактаў па пытаннях вяртання ў рэспубліку гісторыка-культурных каштоўнасцей яе народа, якія апынуліся за межамі Рэспублікі Беларусь;

 

5.27. удзельнічае ў вызначэнні пераліку культурных каштоўнасцей, вываз якіх за межы Рэспублікі Беларусь абмежаваны;

 

5.28. афармляе дазвол на вываз за межы Рэспублiкi Беларусь аб'ектаў і прадметаў, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь або прадстаўлены для прысваення ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, кантралюе выкананне ўмоў iх часовага вывазу, забяспечвае работу мастацтвазнаўцаў-экспертаў па перамяшчэнню культурных каштоўнасцей праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь;

 

5.29. арганізуе разгляд і праводзіць ўзгадненне навукова-праектнай дакументацыі, што датычыцца матэрыяльных каштоўнасцей і зон іх аховы, забяспечвае правядзенне ва ўстаноўленым парадку экспертызы праектаў рэстаўрацыі, кансервацыі і практычнага выкарыстання гісторыка-культурных каштоўнасцей;

 

5.29-1. вызначае склад, парадак распрацоўкі і ўзгаднення навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях;

 

5.29-2. вызначае склад, парадак распрацоўкі і зацвярджэння праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

 

5.29-3. распрацоўвае парадак прызначэння навуковага кіраўніка пры выкананні работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці;

 

5.30. выключаны;

 

5.31. ажыццяўляе рэгуляванне дзейнасці навуковых і навукова-даследчых арганізацый сферы культуры па пытаннях падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі кадраў, навукова-даследчай і навукова-метадычнай работы;

 

5.32. аналізуе стан і распрацоўвае прагнозы і праграмы развіцця прафесійнай падрыхтоўкі ў сферы культуры, арганізуе работу па яе ўдасканаленню;

 

5.33. вызначае патрэбнасць галіны ў спецыялістах з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй, распрацоўвае кантрольныя лічбы прыёму ў навучальныя ўстановы сістэмы Мінкультуры;

 

5.34. забяспечвае эфектыўнае выкарыстанне капітальных укладанняў, што выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэту, рацыянальнае размяшчэнне новых аб'ектаў будаўнiцтва;

 

5.35. распрацоўвае планы праектавання, капітальнага будаўніцтва і рамонту аб'ектаў культуры, маёмасць якіх знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці;

 

5.36. забяспечвае падпарадкаваныя Мінкультуры арганізацыі нарматыўнымі паказчыкамі ў галіне будаўніцтва, рамонту і тэхнічнага забеспячэння;

 

5.37. распрацоўвае галіновыя праграмы па энергазберажэнню, нормам расходу энергарэсурсаў, укараненню энергазберагальных тэхналогій і абсталявання, выкананню ўстаноўленых паказчыкаў па энергазберажэнню, падрыхтоўцы падпарадкаваных арганізацый да працы ў зімовых умовах, падрыхтоўцы зводнай дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці;

 

5.38. ажыццяўляе ва ўстаноўленым парадку закупкі тавараў (работ, паслуг) за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў межах каштарысу на чарговы фінансавы (бюджэтны) год;

 

5.39. прызначае прадстаўнікоў дзяржавы ў органах кіравання гаспадарчых таварыстваў, акцыі (долі ў статутных фондах) якіх знаходзяцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь і перададзены ў кіраванне Мінкультуры;

 

5.40. заключае ў адпаведнасці з заканадаўствам і ў межах кампетэнцыі міжнародныя дамовы Рэспублікі Беларусь з адпаведнымі органамі замежных дзяржаў і міжнароднымі арганізацыямі, садзейнічае развіццю культурнага міжнароднага супрацоўніцтва арганізацый галіны;

 

5.40-1. ажыццяўляе ў адпаведнасці з заканадаўствам функцыі кампетэнтнага органа па рэалізацыі міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь у сферы культуры;

 

5.40-2. ўзаемадзейнічае з адпаведнымі органамі замежных дзяржаў - гандлёва-эканамічнымі партнёрамі Рэспублікі Беларусь па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыi Мінкультуры;

 

5.40-3. ажыццяўляе падрыхтоўку прапаноў і рэалізацыю планаў па ўдзеле Рэспублікі Беларусь у інтэграцыйных працэсах у рамках Саюзнай дзяржавы, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Еўразійскай эканамічнай супольнасці ў сферы культуры;

 

5.41. устанаўлівае і развівае культурныя сувязі з беларускімі арганізацыямі культуры за межамі рэспублікі, а таксама з арганізацыямі замежных краін у рэспубліцы;

 

5.42. спрыяе папулярызацыі здабыткаў беларускай культуры і мастацтва за межамі рэспублікі.

Мінкультуры можа выконваць іншыя функцыі, прадугледжаныя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

 

5.43. разглядае ў межах сваёй кампетэнцыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, звароты (прапановы, заявы, скаргі) грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асоб (далей - звароты);

 

5.44. па выніках разгляду зваротаў, аўтары якіх не задаволены вынікамі іх разгляду падпарадкаванымі арганізацыямі і структурнымі падраздзяленнямі аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне культуры, пры наяўнасці падстаў для станоўчага вырашэння выкладзеных у зваротах пытанняў выдае названым арганізацыям і структурным падраздзяленням абавязковыя для выканання прадпісанні аб належным вырашэнні гэтых пытанняў;

 

5.45. ажыццяўляе праверкі захавання ў падпарадкаваных арганізацыях і структурных падраздзяленнях аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне культуры, парадку разгляду зваротаў, у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, арганізуе выязныя праверкі работы са зваротамі;

 

5.46. па кожнаму выпадку неналежнага разгляду зваротаў падпарадкаванымі арганізацыямі і структурнымі падраздзяленнямі аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне культуры, накіроўвае іх кіраўнікам прадпісанні аб прыцягненні службовых асоб, якія дапусцілі парушэнне парадку разгляду зваротаў, да дысцыплінарнай адказнасці.

 

6. Мінкультуры мае права:

 

6.1. запытваць у рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншых арганізацый інфармацыю па пытаннях, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, у парадку, устаноўленым заканадаўствам;

 

6.2. прыцягваць на дагаворнай аснове для вырашэння пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі Мінкультуры, арганізацыі і спецыялістаў для кансультацый, падрыхтоўкі праектаў дакументаў, правядзення аналітычнай, экспертнай і іншай працы, фармаваць часовыя творчыя калектывы, экспертныя саветы (камiсii) і рабочыя групы;

 

6.3. прымаць ва ўстаноўленым парадку ўдзел у стварэнні фондаў, асацыяцый, іншых арганізацый для падтрымкі культуры і мастацтва;

 

6.4. засноўваць ва ўстаноўленым парадку газеты, часопісы і іншыя сродкі масавай інфармацыі па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыi Мінкультуры.

 

7. Мінкультуры ўзначальвае Міністр, які прызначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Міністр мае намеснікаў, якія прызначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады ва ўстаноўленым парадку.

 

8. Міністр культуры:

 

8.1. кіруе дзейнасцю Міністэрства і нясе персанальную адказнасць за выкананне ўскладзеных на Мінкультуры задач і ажыццяўленне ім сваіх функцый;

 

8.1-1. ажыццяўляе кіраўніцтва падпарадкаванымі арганізацыямі, забяспечваючы сумесна з кіраўнікамі гэтых арганізацый іх эфектыўную дзейнасць;

 

8.2. уносіць ва ўстаноўленым парадку ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь праекты актаў заканадаўства па пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Мінкультуры;

 

8.3. размяркоўвае абавязкі і вызначае ступень адказнасці намеснікаў Міністра і кіраўнікоў структурных падраздзяленняў цэнтральнага апарата Мінкультуры па кіраўніцтву асобнымі напрамкамі яго дзейнасці;

 

8.4. зацвярджае структуру і штатны расклад цэнтральнага апарату Мінкультуры ў межах устаноўленых колькасцi работнiкаў, фонду аплаты працы і сродкаў на яго ўтрыманне, за выключэннем структуры і штатнага раскладу Дэпартамента па кінематаграфіі;

 

8.5. зацвярджае палажэннi аб структурных падраздзяленнях Мінкультуры, службовыя абавязкі работнікаў цэнтральнага апарата Мінкультуры, статуты падпарадкаваных Мінкультуры дзяржаўных арганізацый, за выключэннем Палажэння аб Дэпартаменце па кінематаграфіі, службовых абавязкаў яго работнікаў, статутаў арганізацый, падпарадкаваных гэтаму Дэпартаменту;

 

8.5-1. дае згоду аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму на прызначэнне кіраўнікоў структурных падраздзяленняў гэтых выканкамаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне культуры;

 

8.6. без даверанасці дзейнічае ад імя Мінкультуры, прадстаўляе яго інтарэсы, у тым ліку інтарэсы Дэпартамента па кінематаграфіі, ва ўстаноўленым парадку распараджаецца сродкамі і маёмасцю Мінкультуры, адкрывае рахункі ў банках, заключае дагаворы;

 

8.7. у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прымае на працу і звальняе з працы супрацоўнікаў цэнтральнага апарата Мінкультуры і кіраўнікоў арганізацый, падпарадкаваных Мінкультуры, за выключэннем арганізацый, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Дэпартамента па кінематаграфіі;

 

8.8. узгадняе структуру і штатны расклад Дэпартамента па кінематаграфіі;

 

8.9. зацвярджае графікі праверак захавання ў падпарадкаваных арганізацыях і структурных падраздзяленнях аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне культуры, парадку разгляду зваротаў;

 

8.10. ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

9. Мінкультуры ў межах сваёй кампетэнцыі і ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку выдае нарматыўныя прававыя акты, абавязковыя для выканання ўсімі міністэрствамі, іншымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, арганізацыямі незалежна ад іх падпарадкаванасці і форм уласнасці, а таксама службовымі асобамі і грамадзянамі, на якіх яны распаўсюджваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Нарматыўныя прававыя акты падпісвае Міністр, а ў выпадку яго адсутнасці - асоба, якая выконвае яго абавязкі.

 

10. У Мінкультуры ствараецца калегія ў складзе Міністра (старшыня калегіі), намеснікаў Міністра, дырэктара дэпартамента па кінематаграфіі, кіраўніка кантрольна-рэвізійнага аддзела Мінкультуры па пасадзе, іншых кіруючых работнікаў і вядучых спецыялістаў галіны, а таксама вядомых дзеячаў культуры і мастацтва.

Колькасны і персанальны склад калегіі зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Калегія на сваіх пасяджэннях разглядае пытанні дзейнасці Мінкультуры, выканання прынятых рашэнняў, падбору і расстаноўкі кадраў.

У выпадку ўзнікнення рознагалоссяў паміж Міністрам і членамі калегіі пры абмеркаванні пытанняў і прыняцці рашэнняў Міністр праводзіць у жыццё сваё рашэнне, дакладваючы аб гэтым Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь. Члены калегіі таксама маюць права інфармаваць Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь аб сваёй пазіцыі.

 

11. Пры Мінкультуры могуць стварацца саветы і іншыя экспертныя фарміравання з ліку работнікаў цэнтральнага апарата Мінкультуры, прадстаўнікоў іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, навуковых арганізацый і ўстаноў адукацыі, грамадскіх аб'яднанняў і іншых арганізацый для выпрацоўкі і ажыццяўлення дзяржаўнай палітыкі па адпаведных напрамках дзейнасці.

 

12. Колькасць работнікаў цэнтральнага апарата Мінкультуры і фонд аплаты працы вызначаюцца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Фінансаванне расходаў на ўтрыманне цэнтральнага апарату Мінкультуры ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

 

13. Мінкультуры з'яўляецца юрыдычнай асобай, мае пячатку з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і сваім найменнем, а таксама адпаведныя бланкі і штампы.