adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

2 кастрычніка 2018 года быў усталяваны і адкрыты мемарыяльны знак Янку Купалу ў г. Іматра (Фінляндыя)

05.10.2018

Міжнародны культурны праект па ўшанаванні першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы быў рэалізаваны па ініцыятыве Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Фінляндскай Рэспубліцы.

Мемарыяльны знак, створаны скульптарам Паўлам Вайніцкім – памятка аб візіце Янкі Купалы ў Фінляндыю ў 1910 годзе, дзе паэтам быў створаны верш-балада “Над Іматрай”, прысвечаны сусветна вядомаму вадаспаду на рацэ Вуокса. Пра гэту яркую старонку біяграфіі паэта распавядала і выстаўка з фондаў музея, створаная ў рамках міжнароднага праекта “Янка Купала ў дыялогу культур”, якая экспанавалася ў мэрыі. 

Урачыстая цырымонія адбылася на цэнтральнай плошчы г. Іматра з удзелам супрацоўнікаў дыпламатычнай місіі, прадстаўнікоў мэрыі, жыхароў і гасцей горада. Мэр Кай Рослакка падкрэсліў, што міжнародны культурны праект па ўшанаванні памяці беларускага паэта Янкі Купалы спрыяе міжкультурнаму дыялогу паміж народамі Беларусі і Фінляндыі і з’яўляецца цудоўным падарункам да 70-годдзя Іматры.


Высокі прафесіяналізм і шчырая адданасць сваёй справе беларускіх дыпламатаў дапамаглі арганізаваць правядзенне ўрачыстасці на высокім узроўні. Падчас адкрыцця мемарыяльнага знака верш Янкі Купалы прагучаў на мове арыгінала і ў перакладзе Тойва Тупінена на фінскую мову.

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч падзякавала ўсіх, хто аказаў дапамогу ў рэалізацыі праекта: Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і Фінляндскай Рэспубліцы ў 2006-2014 гадах Уладзіміра Дражына, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Фінляндскай Рэспубліцы Аляксандра Астроўскага, мэрыю горада Іматра, аўтара памятнага знака, члена Беларускага саюза дызайнераў і Беларускага саюза мастакоў, скульптара Паўла Вайніцкага, а таксама кіраўніцтва адкрытага акцыянернага таварыства “Лідскае піва” і асабіста Генеральнага дырэктара спадара Аудрыуса Мікшыса за фінансавую падтрымку праекта.

Вялікі гонар для беларусаў, што імя Янкі Купалы шырока вядома ў свеце. Гэтаму спрыяюць шматлікія мерапрыемствы па ўшанаванні паэта, сярод якіх адкрыццё помнікаў, мемарыяльных дошак і знакаў. Цяпер і на беразе ракі Вуокса ля вадаспада Іматра ў Фінляндыі можна прачытаць наступныя радкі на фінскай і беларускай мовах:
Народны паэт Беларусі Янка Купала ў 1910 годзе наведаў гэтыя мясціны і стварыў натхняльны верш “Над Іматрай”.

Свабодай сваёю і роднай Суомі
Сягнуць быццам хочуць да зор.

arrow
arrow