Мерапрыемствы, прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча
З 24 лістапада ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі будзе працаваць выстава “З кніг Уладзіміра Караткевіча”, прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.
Упершыню на выставе можна будзе ўбачыць кнігі з кабінета і бібліятэкі пісьменніка. Даведацца, якія рукапісы, старадрукі і рэдкія выданні захоўваліся ў яго асабістым кнігазборы.
Асноўнае месца ў экспазіцыі нададзена экслібрысам Уладзіміра Караткевіча. Пераважная іх частка зроблена самім пісьменнікам: разнастайныя кніжныя знакі, якія адмыслова выкананы і падабраны для пэўных выданняў. На выявах – знакавыя постаці беларускай культуры: Скарына, Гусоўскі, а таксама ўлюбёныя Караткевічам ветразі. Вылучаецца экслібрыс з абрысамі зброі касінераў. Яго пячатку і клішэ можна ўбачыць на выставе.
https://nlb.by/by/news/knizhnyja-vystawki/z-knig-uladzimira-karatkevicha/
З 10 лістапада да 20 снежня 2020 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае наведаць літаратурна-мастацкую экспазіцыю
“Уладзімір Караткевіч у выяўленчым мастацтве”, якая ладзіцца ў рамках сумеснага праекта з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН РБ.
Запрашаем усіх аматараў творчасці У. Караткевіча разгледзець роль i месца пісьменніка, паэта, драматурга ў нацыянальнай мастацкай культуры.
На экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя палотны знакамітых мастакоў Леаніда Дударэнкі, Уладзіміра Тоўсціка, Міхася Будавея, ілюстрацыі Генадзя Грака і Пятра Драчова да твораў Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і “Чорны замак Альшанскі”, рукапісы твораў Уладзіміра Караткевіча, фатаграфіі, малюнкі, асабістыя рэчы, графіка Віктара Мікіты “Да зборніка вершаў Уладзіміра Караткевіча “Мая Іліяда”.
26 і 27 лістапада 2020 г. а 19-й гадзіне ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбудуцца паказы спектакля “Наш Караткевіч” (пры ўдзеле салістаў ансамбля “Музычная арка”), прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча – класіка беларускай літаратуры, паэта, празаіка, драматурга, кінасцэнарыста, публіцыста, перакладчыка.
Святкаваць юбілейны год знакамітага беларускага пісьменніка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры пачалі яшчэ вясной, калі з’явіўся праект “Чытаем класіку разам”. На працягу месяца адбываліся анлайн-чытанні рамана Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, у якіх прынялі ўдзел культурныя і грамадскія дзеячы, вядомыя артысты і журналісты Беларусі.
Падчас паказаў спектакля ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі будзе працаваць выстава “Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду…”, якая прадставіць матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры: кнігі, фатаграфіі і сувеніры, звязаныя з жыццём і творчасцю пісьменніка.