У аўторак 12 студзеня адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.
Як стала вядома, святкаванні ў Барысаве як культурнай сталіцы Беларусі 2021 года распачнуцца ў лютым, канкрэтная дата стане вядомая крыху пазней. Мяркуецца, што ў рамках адзначэння адбудзецца ўрачыстае адкрыццё і канцэрт з удзелам артыстаў беларускай эстрады, на якім таксама будзе прадстаўлены план мерапрыемстваў, што пройдуць на працягу года.
Вялікую зацікаўленасць выклікала абмеркаванне ўнясення зменаў у Кодэкс аб культуры, работа над якімі адбываецца ва ўстаноўленыя тэрміны, працягваецца іх узгадненне з органамі дзяржаўнага кіравання. Між іншага, упраўленне культуры Гродзенскай вобласці звярнула ўвагу на патрэбу ўнясення зменаў, датычных прадастаўлення цэнтрам народных рамёстваў магчымасці рэалізаваць прадукцыю сваіх майстроў.
Працягваецца распрацоўка праектаў нарматыўна-прававых актаў аб дзяржпадтрымцы кінастудыі “Беларусьфільм”, яны знаходзяцца на разглядзе ў апараце Савета Міністраў. Былі закранутыя і пытанні арганізацыі канцэрта для ўдзельнікаў Усебеларускага народнага сходу, на якім маюць выступіць прадстаўнікі творчых калектываў з усіх абласцей краіны.
Міністр таксама звярнуў увагу на патрэбу актывізацыі работы па пошуку таленавітай моладзі. У першай палове сакавіка ў тэлефармаце мае адбыцца нацыянальны адбор для ўдзелу ў фестывалі “Славянскі базар” у Віцебску, па выніках якога будуць вызначаныя па адным прадстаўніку ў рамках конкурсаў выканаўцаў для дзяцей і дарослых. У сістэме ўстаноў адукацыі запланаваныя два конкурсы – Рэспубліканскі конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча, які мае адбыцца ў канцы мая, і міжнародны конкурс піяністаў “Мінск-2021”, які мяркуецца правесці напрыканцы снежня.
Было закранутае таксама пытанне ўдасканалення сістэмы ўзгаднення наружнай рэкламы. Для гэтага мяркуецца стварыць у абласцях саветы па рэкламе з удзелам зацікаўленых спецыялістаў і прадстаўнікоў творчых саюзаў, а таксама распрацоўваюцца рэкамендацыі па размяшчэнні рэкламы. Гэтыя захады дазволяць забяспечыць выкананне заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і будуць спрыяць прывядзенню архітэктурных помнікаў і гарадской забудовы наогул у адпаведны выгляд.