adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

31 студзеня 2017 года Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прэзентуе вынікі рэстаўрацыі рэдкага музейнага прадмета 18 – пачатку 19 стагоддзя, што стала магчымым дзякуючы гранту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, ахове здароўя,

24.01.2017

  Прэзідэнцкі грант, а таксама зацверджаная Саветам Міністраў дзяржаўная праграма адраджэння вытворчасці слуцкіх паясоў, у адпаведнасці з якой менавіта такія музейныя прадметы павінны быць захаванымі і стаць узорамі для нацыянальнай сувенірнай прадукцыі, стварылі спрыяльныя ўмовы для правядзення рэстаўрацыі.

          Унікальнасць і непаўторнасць арната, які некалі служыў у якасці аблачэння каталіцкага святара, у тым, што ён дэкараваны шматлікімі ўстаўкамі з некалькіх відаў слуцкіх паясоў. Тым не менш, стан яго захаванасці выклікаў нямала пытанняў у музейных спецыялістаў: шматлікія пашкоджанні і страты тканіны, забруджанні… Здавалася, нішто і ніхто не зможа вярнуць жыццё гэтаму каштоўнаму помніку.

          Атрымальнік гранта, які дазволіў правесці гэтую карпатлівую працу, рэстаўратар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Вольга Канаплёва распавядае: “Вопыт рэстаўрацыі гэтых помнікаў беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 18–19 стагоддзяў сведчыць пра тое, што ў кожным асобным выпадку яна ажыццяўляецца па індывідуальнай тэхналогіі. Акрамя таго, у айчыннай музейнай практыцы апісанні альбо абагульненні працэсаў рэстаўрацыі слуцкіх паясоў і арнатаў з фрагментамі і ўстаўкамі са слуцкіх паясоў і “па тыпу слуцкіх” не праводзіліся. Я прыняла рашэнне пайсці па шляху мінімальнага ўмяшальніцтва ў матэрыяльную структуру музейнага прадмета”. Да працы рэстаўратар прыступіла толькі пасля праходжання стажыроўкі ў Цэнтры рэстаўрацыі імя Пранаса Гудзінаса Мастацкага музея Літвы. З-за вялікай колькасці страт і разбурэнняў быў праведзены амаль поўны дэмантаж арната, прадубляваны ўсе фрагменты з паясоў “па тыпу слуцкага” на шоўк і “тэатральную газу”, самай тонкай ніткаю той самай “тэатральнай газы” фрагменты былі замацаваны. У канцы 2016 года праца была завершана, арнат набыў экспазіцыйны выгляд і з цягам часу знойдзе сваё месца на выставе “Беларусь: адраджэнне духоўнасці”, а пазней – у экспазіцыі “Старажытная Беларусь”.

          Удзельнікі прэзентацыі змогуць не толькі ўбачыць рарытэт, якому вярнулі новае музейнае жыццё, ацаніць узровень і якасць працы, але і з дапамогай фотаздымкаў прасачыць асноўныя этапы яго аднаўлення, пачуць расповяд пра праблемы і поспехі ў дадзенай галіне.

Пачатак прэзентацыі а 17-й гадзіне
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
вул.К.Маркса, 12
тэл. для даведак: 226 05 32

arrow
arrow