6 кастрычніка ў Малой зале Палаца Рэспублікі прайшла ўрачыстая цырымонія з нагоды святкавання Дня работнікаў культуры
Культура фарміруе і ўмацоўвае нацыю. Такое меркаванне выказаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Жарко 6 кастрычніка на ўрачыстай цырымоніі ў Малой зале Палаца Рэспублікі з нагоды святкавання Дня работнікаў культуры. Паводле слоў віцэ-прэм'ера, Дзень работнікаў культуры - свята, якое мае вялікае значэнне не толькі для тых, чыя дзейнасць звязана з гэтай сферай, але і для ўсяго грамадства ў цэлым. "Культура фарміруе і ўмацоўвае нацыю. Ва ўсе часы моц дзяржавы вызначалася не толькі тэмпамі эканамічнага росту, але і ўзроўнем яе культурнага патэнцыялу", - сказаў Васіль Жарко. Ён адзначыў, што ў Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця сферы культуры і мастацтва, таленавітай моладзі.
"Сёння сфера культуры дынамічна развіваецца, забяспечаны стабільнае фінансаванне, добрая матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў культуры і прафесійная сістэма падрыхтоўкі кадраў. Мы па праву ганарымся сваёй багатай культурнай і гістарычнай спадчынай, імёнамі выдатных дзеячаў культуры і мастацтва, сапраўдных патрыётаў сваёй Айчыны, якія ўпісалі яркія старонкі ў летапіс сусветнай культуры", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.
На цырымоніі ўручаны ўзнагароды работнікам сферы культуры. Так, ганаровыя граматы Савета Міністраў атрымалі начальнік сацыякультурнага цэнтра Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Радміла Букач, дырэктар Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў Вераніка Хомбак, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клецкага райвыканкама Святлана Чалык, а таксама калектыў ансамбля танца, музыкі і песні "Белыя росы" (дырэктар - Вера Вайнова).
Падзякі прэм'ер-міністра ўручаны намесніку генеральнага дырэктара па канцэртнай дзейнасці цэнтра культуры "Віцебск" Леаніду Багараду і першаму намесніку гендырэктара цэнтра культуры "Віцебск" Алене Серабраковай. Ганаровых грамат Адміністрацыі Прэзідэнта ўдастоены начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Астапава, загадчыца аддзела культурна-адукацыйнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Вольга Пархімовіч, дырэктар - мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі Міхаіл Фінберг, калектыў Беларускага культурнага цэнтра духоўнага адраджэння (дырэктар - Аляксандр Госцеў).
Падзякі Адміністрацыі Прэзідэнта аб'яўлены першаму прарэктару Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алене Куракіной і галоўнаму спецыялісту аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветнай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Кацярыне Лучыне. Акрамя таго, за плённую працу работнікі сферы культуры ўдастоены ганаровых грамат Нацыянальнага сходу Беларусі і Міністэрства адукацыі, нагрудных знакаў, ганаровых грамат і падзяк Міністэрства культуры, а таксама ўзнагарод Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў сферы культуры і мастацтва. У агульнай колькасці адзначаны больш за 70 спецыялістаў і калектываў.
Вядучы фотакарэспандэнт аддзела па падрыхтоўцы і выпуску фотаінфармацыі рэдакцыі візуальнай інфармацыі Беларускага тэлеграфнага агенцтва Аляксандр Хітроў удастоены падзякі міністра культуры. Падзякі міністра культуры таксама аб'яўлены дырэктару музея "Замкавы комплекс "Мір" Аляксандру Лойку і тэлеаператару дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" Юрыю Ілбоўнікаву./p>