Жнівеньскі форум педагагічных работнікаў у сферы культуры Рэспублікі Беларусь «Мы - разам»
Жнівеньскі форум педагагічных работнікаў у сферы культуры Рэспублікі Беларусь «Мы - разам», арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, сабраў лепшых у краiне педагогаў у сферы культуры! Гэта кіраўнікі і выкладчыкі ўстаноў адукацыі, ветэраны педагагічнай працы, маладыя спецыялісты, начальнікі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама.
Гасцей мерапрыемства сустракалі музычнымі інструментальнымі кампазіцыямі ў жывым выкананні ў цудоўнай зале ўстановы культуры «Беларуская дзяржаўная ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармонія», там жа размяшчалася і выстава мастацкіх работ.
На ўрачыстай цырымоніі з прывітальным словам выступіў першы намеснік Міністра Валерый Іванавіч Грамада.
Валерый Іванавіч падкрэсліў, што: «Міністэрства культуры ў сваёй дзейнасці ўдзяляе вялікую ўвагу стварэнню спрыяльных умоў для раскрыцця і ўдасканалення здольнасцей маладых талентаў ва ўстановах адукацыі. Грамадству патрэбны адукаваныя, здольныя да самаразвіцця і самаадукацыі асобы, якія ўмеюць прымаць самастойныя рашэнні, якія валодаюць развітым пачуццём адказнасці за лёс краіны. Форум - гэта старт новага 2023/2024 навучальнага года, і тэма нашага форуму ў Год міру і стварэння не выпадковая: «Мы - разам». Толькі разам мы, працаўнікі сферы культуры, можам усё: і даць якасную адукацыю, і выхаваць сапраўдных патрыётаў сваёй краіны, і ўславіць дасягненнямі нашых рабят родную краіну».
Першы намеснік Міністра ўзнагародзіў таленавітых настаўнікаў, выкладчыкаў, прафесараў кафедр, дырэктараў устаноў адукацыі ў сферы культуры рэспублікі нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» і ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Начальнік устаноў адукацыі Марына Браніславаўна Юркевіч уручыла лепшым педагагічным работнікам Падзякі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У сваёй прамове Марына Браніславаўна падзякавала ўсім майстрам сваёй справы, якія ўклалі свой вопыт, веды і мудрасць у маладое пакаленне, якое дабілася высокіх вынікаў у разнастайных відах мастацтва.
Маладыя спецыялісты, якія толькі пачынаюць свой працоўны шлях таксама былі ўдастоены ўзнагарод і віншаванняў!
Гарантам даступнай, якаснай і эфектыўнай адукацыі ў сферы культуры, несумненна, служыць прафесіяналізм, высокае пачуццё адказнасці, творчы патэнцыял педагогаў. Досвед і традыцыі, разам з навацыямі маладога пакалення настаўнікаў становяцца залогам эфектыўнага развіцця адукацыі ў сферы культуры.
Са зваротам ад арганізацыйнага камітэта, творчай групы педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі ў сферы культуры краіны выступіла начальнік Галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Шахоцька Ала Канстанцінаўна.
Гледачоў мерапрыемства чакала насычаная яркімі нумарамі музычная праграма!
У лік яе ўдзельнікаў увайшлі навучэнцы і выкладчыкі - вакалісты, танцоры і музыканты - таленавітая моладзь з розных куткоў Рэспублікі Беларусь.
Няхай высокія званні і ўзнагароды вызначаюць ганаровую асветніцкую місію - памнажаць веды, захоўваць спадчыну, перадаваць і ўдасканальваць майстэрства!