Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга
8 мая 2022 года Беларусь святкавала Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга. Устаноўлена гэта свята ўказам Прэзідэнта Беларусі ў 1995 годзе і адзначаецца ў другую нядзелю мая.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Мінску прыняў удзел ва ўрачыстым рытуале ўшанавання дзяржаўных сімвалаў. Мерапрыемства прайшло на плошчы Дзяржаўнага сцяга.
Паслухаць прамову Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнка можна на Ютуб-канале інфармацыйнага агенцтва БелТА.
Спецыяльна да свята на плошчы Дзяржаўнага сцяга была размешчана выстава. На ёй можна было пазнаёміцца з гісторыяй стварэння гэтай плошчы і геральдыкі гарадоў Беларусі, дзяржаўных сімвалаў краіны.
На выставе таксама былі прадстаўлены вітрыны з музейнымі прадметамі - выданні Канстытуцыі, скафандр касманаўта Алега Навіцкага і дзяржсцяг, які ён разгортваў у космасе.
Адзін з экспанатаў выставы - самы вялікі дзяржаўны сцяг памерам 45×90 м. Дэманстраваліся гербы і сцягі абласцей і горада Мінска, жаночыя рэгіянальныя народныя касцюмы і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Арганізатарам выставы выступіла Міністэрства культуры і Нацыянальны гістарычны музей пры ўдзеле аблвыканкамаў.