Гастролі Вялікага тэатра Беларусі ў Маскве
З 25 па 29 кастрычніка адбудуцца гастролі Вялікага тэатра Беларусі ў Маскве. На Гістарычнай сцэне Вялікага тэатра Расіі адбудуцца паказы оперы У.Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха» і балета П.Чайкоўскага «Шчаўкунок». У Маскву адправілася адміністрацыйна-творчая група ў складзе 250 чалавек, якую ўзначалілі генеральны дырэктар тэатра Я.Н.Дулава і мастацкі кіраўнік В.Н. Елізар'еў.
Цікава, што 32 гады таму, у чэрвені 1990-га, оперы Солтана (у пастаноўцы музычнага кіраўніка Яраслава Вашчака, дырыжора Аляксандра Анісімава, рэжысёра Вячаслава Цюпы) ужо апладыравала публіка Вялікага тэатра Расіі. За гэты час змянілася пакаленне артыстаў і гледачоў - зараз у Маскве ўбачаць пастаноўку галоўнага рэжысёра беларускага Вялікага Ганны Маторнай. «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана – найярчэйшая нацыянальная опера, напісаная паводле гістарычнага дэтэктыва Уладзіміра Караткевіча. Яе новая пастаноўка з'явілася на сцэне беларускага тэатра ў ліпені 2021 года. І кожны раз спектакль зноў і зноў збірае аншлагі. 25 і 26 кастрычніка на Гістарычнай сцэне Вялікага тэатра Расіі гісторыю, якая «ледзянiць кроў», раскажуць вядучыя артысты Беларускай оперы Алена Золава, Марта Данусевіч, Уладзімір Громаў, Дзмітрый Шабеця, Андрэй Валенцій, Юрый Балацько, Станіслаў Трыфанаў, Андрэй Селюцін, Аляксандр Міхнюк, Аляксандр Кеда, Віктар Мендзялеў. За дырыжорскі пульт устане Юрый Караваеў.
За апошнія гады Беларускі балет быў прадстаўлены ў Маскве балетамі: «Страсці (Рагнеда)» А.Мдзівані (2001 г.), «Рамэа і Джульета» С.Пракоф'ева (2004 г.), «Легенда аб Ціле Уленшпігелі» Я.Глебава ( 2010 г.), «Вітаўт» В. Кузняцова (2016 г.). 28 і 29 кастрычніка на Гістарычнай сцэне Вялікага тэатра Расіі будзе паказаны балет П.Чайкоўскага «Шчаўкунок» у пастаноўцы народнага артыста СССР і Беларусі Валянціна Елізар'ева. «Гэта проста лёс… – кажа Валянцін Мікалаевіч. - «Шчаўкунок», здаецца, са мной усё жыццё. Не забыцца, як, будучы вучнем Акадэміі рускага балета ў Пецярбургу, я выконваў ролю Шчаўкунка-лялькі. Гэтыя ўспаміны для мяне вельмі дарагія... Крок за крокам ідучы да свайго «Шчаўкунка», спрабаваў наблізіцца да музыкі Чайкоўскага і адпавядаць духу літаратурнага твора...». Галоўныя партыі ў спектаклі 28 і 29 кастрычніка выканаюць Людміла Хітрова, Арцём Банькоўскі, Эвен Капітэн, Вікторыя Трэнкіна, Таццяна Уласень і інш. Дырыжор – Уладзімір Авадок.