Міністр культуры А. М. Маркевіч сустрэўся з беларусамі замежжа
4 сакавіка распачалася творчая стажыроўка кіраўнікоў замежных беларускіх калектываў мастацкай творчасці і кіраўнікоў грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа. І пачалася яна з сустрэчы беларусаў замежжа з Міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Анатолем Маркевічам у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Месца сустрэчы выбрана невыпадкова. Беларусь памятае жахі Вялікай Айчыннай вайны, якія перажылі нашы дзяды і прадзеды, і шануе гераізм нашых продкаў.
Цяперашняя творчая стажыроўка аб'яднала беларусаў 8 дзяржаў - Аргенціны, Арменіі, Іарданіі, Латвіі, Літвы, Украіны, Расіі і Эстоніі. На працягу тыдня яны будуць вывучаць беларускія песні і танцы, бліжэй знаёміцца з нацыянальнымі традыцыямі, мастацтвам.
- Сённяшні дзень азнаменаваны тым, што беларусы замежжа наведалі нашу краіну, і дадзеная традыцыя мае свае карані. Падобныя мерапрыемствы праходзяць з 2016 года, і міністэрства падтрымлівае гэту ініцыятыву. Падчас такіх сустрэч мы звяраем нашыя крокі і бачым напрацоўкі, якія ёсць у культурным асяроддзі. Мы не абмяжоўваемся сталічнымі ўстановамі культуры. Гэта праграма дае магчымасць паглядзець на глыбінныя працэсы, якія адбываюцца ў сферы культуры ў беларускіх рэгіёнах. Упэўнены, нашы калегі, пабываўшы чарговы раз на беларускай зямлі, пераканаюцца ў нашай гасціннасці. Возьмуць лепшы вопыт, які будуць прымяняць там, дзе зараз жывуць, – адзначыў падчас размовы з журналістамі Анатоль Маркевіч.
- Важна, што падчас такіх мерапрыемстваў прасочваецца культурная дыпламатыя. Сёння шмат інфармацыі, якая не адлюстроўвае рэчаіснасць, носіць фэйкавы складнік. Мы рознымі спосабамі супрацьдзейнічаем дадзеным падыходам, але калі сустракаемся асабіста, людзі на свае вочы могуць убачыць і ацаніць жыццё беларусаў унутры краіны. Упэўнены, што гэта найлепшы спосаб данесці праўдзівую і справядлівую інфармацыю.
У рамках сустрэчы адбылося ўзнагароджанне найбольш актыўных прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Пасля ўдзельнікі стажыроўкі змаглі задаць свае пытанні Міністру культуры.