Нацыянальная бібліятэка Беларусі: разам у новае стагоддзе!
Святочны дзень 15 верасня быў багаты на падзеі: IX Міжнародны кангрэс «Бібліятэка як феномен культуры», выстава выдавецкай прадукцыі, электронных інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў, XXVI Агульны сход некамерцыйнага партнёрства «Бібліятэчная Асамблея Еўразіі», урачыстая цырымонія ўзнагароджання работнікаў міністэрствамі і ведамствамі, уручэнне ўзнагарод XXX Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры», цырымонія гашэння дзяржаўнага знака паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь «100 гадоў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі». Заключным мерапрыемствам стаў святочны вечар «Разам у новае стагоддзе!».
Юбілей Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі - справа высокай дзяржаўнай важнасці. Яркае таму сведчанне - пільная ўвага і асабістае віншаванне Кіраўніка дзяржавы са 100-годдзем з дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Віншавальны адрас ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнка абвясціў Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі. Віншавальны адрас ад імя Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Рамана Галоўчанка аб'явіў Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч.
Ва ўрачыстай атмасферы за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё бібліятэчнай справы высокія дзяржаўныя ўзнагароды былі ўручаны супрацоўнікам бібліятэкі. Падзяка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь была аб'яўлена вядучаму бібліятэкару сектара рэтраспектыўнага камплектавання і арганізацыі рэзервовага фонду аддзела камплектавання фондаў Таццяне Мінчэне, Падзяка Прэм'ер-Міністра Рэспублікі Беларусь - вядучаму бібліятэкару сектара дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў аддзела камплектавання фондаў Алене Сіваковай і загадчыку сектара навукова-арганізацыйнага забеспячэння бібліятэчнай дзейнасці навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Наталлі Замаевай.
Нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» ўзнагароджаны загадчык сектара бягучага камплектавання нацыянальнымі дакументамі і дакументамі краін СНД аддзела камплектавання фондаў Іна Ганчарэнка, загадчык аддзела бібліятэчна-інфармацыйных тэхналогій інфармацыйнага цэнтра Жанна Рысева, начальнік інфармацыйнага цэнтра Ала Шарамецьева.
Напрыканцы юбілейнага дня прайшоў святочны канцэрт для гасцей і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі ў музычным суправаджэнні струннага квартэта дзяржаўнага камернага аркестра, заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга».
Сардэчна віншуем усіх бібліятэкараў з прафесійным святам – Днём бібліятэк, а таксама калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з векавым юбілеем! Жадаем прафесійных поспехаў і новых дасягненняў у нашай агульнай справе, увасаблення самых смелых ідэй і праектаў. І няхай на шляху да новых здзяйсненняў вас заўсёды акружае каманда блізкіх і неабыякавых людзей!