adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Наваполацк будзе  культурнай сталіцай наступнага 2018 года

20.04.2017
Такое рашэнне прынята 20 красавіка 2017 года на калегіі мністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Датай заснавання горада Наваполацка лічыцца 7 чэрвеня 1958 года. У наступным годзе горад адзначыць свае 60-годдзе.

Сучасны Наваполацк – горад са 108 тысячамі насельніцтва, сярод якога каля 40 % складае моладзь.

У горадзе прыкладаюцца значныя сілы да развіцця і папулярызацыі дасягненняў беларускай культуры і далучэння яе да шырокіх слаёў насельніцтва, надзяляецца вялікая ўвага развіццю сацыяльнай сферы. Шырока вядома сваімі дасягненнямі Наваполацкая цэнтральная гарадская бальніца, развіта сетка ўстаноў адукацыі, як агульнай, так і вышэйшай ступені, працуе тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У 2016 годзе пачалася рэалізацыя праекта ”Ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада“, які закліканы вывесці на новы ўзровень інстытут безбар’ернага асяроддзя ў Наваполацку.

Дасягнуты высокі ўзровень забеспячэння максімальнага ахопу насельніцтва паслугамі культуры – больш за 90 %. Выхаванцамі гурткоў, студый, школ мастацтваў з’яўляюцца больш за 4,0 тыс. навапалачан.

У горадзе вядуць сваю канцэртна-асветніцкую дзейнась 34 творчыя калектывы са званнем ”заслужаны“, ”народны“, ”узорны“ аматарскі калектыў.

Наваполацк з’яўляецца пляцоўкай для правядзення шматлікіх буйных конкурсаў, фестываляў, выставак і форумаў розных узроўняў, якія збіраюць удзельнікаў і гасцей з усіх куткоў Беларусі, а таксама замежных краін.

Вядучая роля ў выхаванні духоўнасці чалавека, нематэрыяльных каштоўных якасцей адводзіцца арганізацыям культуры і адукацыі: дзяржаўныя ўстановы культуры “Цэнтр культуры”, Музей гісторыі і культуры г. Наваполацка, Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, 6 устаноў адукацыі ў сферы культуры (Дзіцячая школа мастацтваў № 1, Дзіцячая школа мастацтваў № 3, Дзіцячая мастацкая школа імя І.Ф. Хруцкага, Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж, студэнцкі клуб Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Палац дзяцей і моладзі), 2 камунальныя прадпрыемствы (Парк культуры і адпачынку, Культурна-забаўляльны цэнтр ”Вектар“) і 1 ведамаснае – Палац культуры ААТ ”Нафтан“.

Цэнтральным звяном у культурным жыцці горада Наваполацка з’яўляецца дзяржаўная ўстанова культуры ”Цэнтр культуры г. Наваполацка“, у склад якога ўваходзіць Цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры. Пастаяннымі ўдзельнікамі найбуйнейшых гарадскіх мерапрыемстваў з’яўляюцца творчыя калектывы Палаца культуры адкрытага акцыянернага таварыства ”Нафтан“, на базе якога працуе больш за 40 творчых фарміраванняў і ў якіх занята каля 1 000 дзяцей і дарослых. Значны ўклад у правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў уносіць студэнцкі клуб Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Актыўным дзеючым цэнтрам музычнай культуры горада з’яўляецца Дзіцячая школа мастацтваў № 1. Дзіцячая мастацкая школа імя І.Ф.Хруцкага рэалізуе навучальныя праграмы па 14 накірунках у 17 студыях выяўленчага мастацтва. Дзіцячая школа мастацтваў № 3 ажыццяўляе падрыхтоўку на трох аддзяленнях і выхоўвае больш за 200 дзяцей. Вышэйшым звяном адукацыі ў сферы культуры горада з’яўляецца ўстанова адукацыі ”Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж“, на базе якой працуюць 12 навучальна-канцэртных калектываў. У фондах Музей гісторыі і культуры г. Наваполацка налічваецца больш за 14 000 прадметаў асноўнага фонду.

Важкім культурным рэсурсам горада з’яўляюцца 7 публічных бібліятэк, аб’яднаных у Цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму: цэнтральная бібліятэка імя У.Маякоўскага, дзве дзіцячыя бібліятэкі (імя С.Маршака і імя А.Пушкіна), бібліятэка імя Я.Коласа, тры бібліятэкі сямейнага чытання (імя К.Сіманава, імя У.Караткевіча, бібліятэка-філіял № 8). Бібліятэкі абслугоўваюць больш за 30 тысяч гараджан, з іх больш за
11 тысяч дзецяй да 15 гадоў. Фонд сістэмы налічвае больш за 450 тысяч адзінак захоўвання на розных носьбітах інфармацыі.

У 2011 годзе горад – першы ў Рэспубліцы Беларусь – удастоены ганаровага звання ”Горад, дружалюбны дзецям“, што з’яўляецца высокай адзнакай дзейнасці Наваполацка на шляху рэалізацыі Канвенцыі аб правах дзіцяці, а ў 2016 годзе ў рэспубліканскім конкурсе “Горад культуры ў Год культуры” стаў пераможцам у намінацыі “Лепшы горад абласнога падпарадкавання”.

arrow
arrow