Названы пераможцы радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі"
Названы пераможцы VIII Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі", які праводзіў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА аўтар і кіраўнік праекта Таццяна Якушава.
На гэты конкурс паступіла рэкордная колькасць заявак. Удзельнікамі першага тура - праслухоўвання аўдыязапісаў і прагляду відэазапісаў членамі журы - сталі больш за 400 маладых выканаўцаў эстраднай і народнай песні, музыканты і інструментальныя калектывы. У фінальны этап прайшлі крыху больш за 100 прэтэндэнтаў. Творчасць канкурсантаў ацэньвала аўтарытэтнае журы на чале са старшынёй народным артыстам Беларусі Леанідам Захлеўным.
Па выніках жывога праслухоўвання журы прысудзіла Гран-пры ў намінацыі "Эстрадны вакал. Сола" Антону Карчэўскаму. У малодшай, сярэдняй і старшай узроставых катэгорыях салістаў названы ўладальнікі першага, другога і трэцяга месцаў. У сярэдняй і старшай катэгорыях трэцяе месца падзялілі па два ўдзельнікі. У групе "ансамблі" ў намінацыі "Эстрадны вакал" прысуджаны таксама тры месцы. У сярэдняй узроставай катэгорыі бронзу падзялілі адразу два ўдзельнікі: вакальная група "Шлягер" і тэатр эстраднай песні "Сябрынка".
У намінацыі "Інструментальная музыка. Сола" Гран-пры ўдастоены Раман Петух (баян). Таксама названы залатыя, сярэбраныя і бронзавыя прызёры ў трох узроставых катэгорыях: у малодшай узроставай - па два другія і трэція месцы, у сярэдняй - два бронзавыя пераможцы. У намінацыі "Інструментальная музыка. Ансамблі" ў сярэдняй узроставай катэгорыі журы пакінула за сабой права адзначыць пераможцаў толькі другога і трэцяга месцаў. Апошняе падзялілі інструментальны дуэт Назар Завяртнёў і Дзмітрый Сілін, а таксама інструментальны ансамбль "Менестрэлі".
Гран-пры ў намінацыі "Спадчына. Салісты" ў Ганны Пехцеравай. У сярэдняй узроставай катэгорыі першае месца не прысуджана. У намінацыі "Спадчына. Ансамблі" ў малодшай узроставай катэгорыі названы толькі сярэбраны пераможца, а ў старшай - уладальнік толькі першага месца.
Многія ўдзельнікі VIII Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі" ўдастоены спецыяльных дыпломаў. Музычныя творы ў выкананні пераможцаў і ўладальнікаў спецыяльных прызоў можна будзе пачуць на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў праграме "Маладыя таленты Беларусі" ў нядзелю 11.20. Фінальны канцэрт пераможцаў прагучыць у эфіры 1 мая з 12.05 да 15.00. Цырымонія ўзнагароджвання адбудзецца 2 мая на XXIII Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы "СМІ ў Беларусі".
Розныя гады лаўрэатамі і прызёрамі конкурсу "Маладыя таленты Беларусі" станавіліся Алёна Ланская, Юрый Дземідовіч, Раман Валазнёў, Дзіяна Громава, Кірыл Ермакоў, Лідзія Заблоцкая, Надзея Місякова, Аляксандр Мінёнак, Хелена Мерааі. Па выніках мінулагодняга конкурсу 20 лаўрэатаў удастоены стыпендый і прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.