Адкрыццё ХХVIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад»
Адкрыццё ХХVIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» адбылося 4 лістапада. Па шматгадовай традыцыі ўрачыстая цырымонія прайшла ў сталічным кінатэатры «Масква». Упершыню цырымонія трансліравалася ў рэжыме рэальнага часу на святлодыёдных экранах, устаноўленых ля ўвахода ў кінатэатр.
Спецыяльна да цырымоніі напісана новая песня, якая прагучала ў выкананні гурта «Зямля і неба» (Беларусь). Дарэчы, фестываль парадуе яшчэ адной новай кампазіцыяй «Золата Лістапада», якая будзе выканана Беларускім дзяржаўным ансамблем «Песняры» на цырымоніі закрыцця.
Абавязковым атрыбутам цырымоніі стала чырвоная дывановая дарожка, па якой прайшлі ганаровыя госці і ўдзельнікі фестывалю.
На самой цырымоніі адкрыцця Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка зачытаў прывітальны адрас Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнка ўдзельнікам фестывалю, а таксама ўручыў спецыяльны прыз. Рашэннем Кіраўніка дзяржавы ў 2022 годзе спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве» на XXVIII Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» прысуджаны заслужанаму дзеячу мастацтваў, рэжысёру і сцэнарысту Вячаславу Нікіфараву.
Кінафестываль сёлета праходзіць пад слоганам «Сапраўдныя каштоўнасці». Зрэшты, як заўважыў у размове з журналістамі Намеснік Прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, сапраўдныя каштоўнасці прапагандуюць у Беларусі не толькі ў дні фестывалю. Тым не менш ён выказаў надзею, што фестываль стане яшчэ адным этапам, дзякуючы якому глядач далучыцца да духоўных каштоўнасцей. Асабліва каштоўна, што фестываль пад такім дэвізам праходзіць у Год гістарычнай памяці.
Па традыцыі на адкрыцці форуму была разбіта талерка з аўтографамі ўдзельнікаў мінулага кінафестывалю. Перад гэтым народны артыст Беларусі, старшыня кінафоруму Аляксандр Яфрэмаў падкрэсліў, што для арганізатараў надзвычай важна, што на фестываль прыехалі госці з усіх канцоў свету, і гэта значыць, што фестываль жывы.
ХХVIII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» прадоўжыцца да 11 лістапада. З 1360 заявак, дасланых на ўдзел у кінафоруме, сфарміравана разнастайная праграма фестывалю, якая ўключае чатыры конкурсы (ігравога, дакументальнага, анімацыйнага кіно, а таксама фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік»). Разам з пазаконкурснай праграмай і «Залатой калекцыяй» у васьмідзённую афішу «Лістапада» ўвойдуць каля 100 фільмаў.
Кінастужкі будуць распавядаць пра галоўнае, вечнае: мір, каханне, сям'ю, сяброўства, духоўную стойкасць, надзею і веру. Гэта фільмы, адзначаныя на міжнародных фестывалях і атрымаўшыя высокія адзнакі гледачоў і прафесійнай кінасупольнасці.
Конкурсныя і пазаконкурсныя фільмы кінафестывалю будуць паказаны не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, але і ў малых гарадах.
Навацыяй сёлетняга кінафестывалю стануць прэзентацыі (пітчынгі) студэнцкіх кінапраектаў у форме маладзёжнага форуму і кінапраектаў, прысвечаных 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне для сумеснай вытворчасці фільмаў.
«Лістапад» - штогадовы міжнародны кінафестываль, які праводзіцца, пачынаючы з 1994 года. Арганізатарамі кінафестывалю выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Выканаўчая дырэкцыя кінафестывалю - Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм».