adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Першы беларуска-узбекскі жаночы бізнес-форум

05.09.2023

Беларуска-узбекскі жаночы бізнес-форум праходзіць упершыню ў Рэспубліцы Беларусь і, бясспрэчна, - гэта знамянальная падзея, якая аб'ядноўвае на адной пляцоўцы ініцыятыўных дзелавых жанчын дзвюх краін.

Апярэджвала адкрыццё пленарнага пасяджэння выстаўка «Культурны і турыстычны патэнцыял Беларусі, павільёны якой умоўна падзелены на жаночую майстэрню з экспануемымі ткацкімі вырабамі, плеценымі паясамі, вырабамі з саломы і лазы, тэкстыльнымі цацкамі, лялькамі, выцінанкамі і на мужчынскую з дэманстрацыяй прадметаў ганчарнага рамяства, глінянай пластыкі (у тым ліку берасцянкі), бандарства, вырабаў з дапамогай разьбы па дрэве і пляцення з раслінных матэрыялаў, самаробных музычных інструментаў.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў секцыі № 6 «Культура і турызм - патэнцыял узаемных кантактаў» звярнуўся Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Мечыслававіч Маркевіч:

«Вельмі прыемна, што першы беларуска-узбекскі жаночы бізнес-форум праходзіць менавіта ў сэрцы нашай краіны, у горадзе-героі Мінску.

Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы пажадаць удзельнікам форума добрага настрою і плённай працы! Я абсалютна ўпэўнены, што падчас нашай размовы, абмену меркаваннямі, мы знойдзем яшчэ больш кропак судакранання ў працы, якія дазволяць глыбей даведацца пра традыцыі нашых народаў і выведуць рэспублікі на больш якасны ўзровень».

У ходзе асвятлення тэмы культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Узбекістан Міністр культуры адзначыў, што ўзбекскія выканаўцы - жаданыя госці і ўдзельнікі самых прэстыжных фестываляў і конкурсаў, акцэнтаваўшы ўвагу на Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», кінафестывалях, гастролях творчых калектываў у рамках Дзён культуры, супрацоўніцтве ў сферы адукацыі і навукі.

У мінулым годзе быў выпушчаны сумесны беларуска-узбекскі фільм «Узбечка», сёлета чакаецца прэм'ера фільма «Казбек», вядуцца сумесныя здымкі дакументальнага фільма «Якуб Колас: кніга Ташкенцкага быцця».

Адкрылі пленарнае пасяджэнне Дулава Кацярына Мікалаеўна - генеральны дырэктар дзяржаўнай тэатральна-відовішчнай установы «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь», доктар мастацтвазнаўства, прафесар і Абель Таццяна Валер'еўна — член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, мастацкі кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага цырка імя У. Абеля дзяржаўнай установы «Палац культуры «Касцюкоўка».

Невыпадкова тэматыка секцыі закранае не толькі культуру, але і турызм. У турыстычнай галіне абедзве краіны маюць унікальныя магчымасці і патэнцыял. Гістарычныя гарады Узбекістана - Самарканд, Бухара, Хіва, з іх унікальнымі прыроднымі ландшафтамі, архітэктурнымі помнікам, багатай культурай і нацыянальнымі каштоўнасцямі, вялікую ўвагу надаюць развіццю турыстычнага сектара, стварэнню ўсіх выгод для таго, каб замежныя госці адчулі на сабе ўсю шырыню ўсходняй гасціннасці.

Беларусь з вялікім гонарам запрашае наведаць унікальныя куткі некранутай прыроды, палацава-паркавыя ансамблі, сярод якіх аб'екты сусветнай спадчыны ЮНЕСКА - Нясвіжскі палац і Мірскі замак, старадаўнія храмы і манастыры, этнаграфічныя вёскі, запаведную Белавежскую пушчу і Бярэзінскі запаведнік, тэатры і музеі.

У гэтым годзе споўнілася 30 гадоў з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Узбекістан.

Важнай асновай для гэтага служаць устаноўленыя добрыя, дружалюбныя адносіны, рэгулярныя сустрэчы і зносіны паміж кіраўнікамі дзяржаў - Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнка і Шаўкатам Мірамонавічам Мірзіёевым.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падкрэсліваў, што: «Цяпер беларуска-узбекскае супрацоўніцтва знаходзіцца на ўздыме: рэкордна расце двухбаковы тавараабарот, актыўна ўмацоўваюцца сувязі ў розных сферах».

На пленарным пасяджэнні секцыі форуму прысутнічалі прадстаўнікі сферы культуры і мастацтва, турыстычнай сферы, сярод якіх:

Конанава Ганна Уладзіміраўна - генеральны дырэктар установы «Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь», кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт;

Куракіна Алена Віктараўна - рэктар установы адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі», кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт;

Клімовіч Алена Віктараўна - начальнік упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта;

Варановіч Ірына Мікалаеўна - дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь;

Бекжанава Аміна Карымбаеўна - дырэктар і заснавальнік ТАА «MUINAK TOUR» і іншыя ўдзельнікі.

У сваіх выступленнях яны падзяліліся новымі цікавымі ідэямі і ініцыятывамі, якія датычацца рэалізацыі сумесных культурных праектаў у галіне тэатральнага і музычнага мастацтва, перспектыў развіцця беларуска-узбекскага супрацоўніцтва ў галіне музейнай дзейнасці, ролі і месцы міжнароднага турызму ў сістэме эканамічных адносін Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Узбекістан, турыстычнага патэнцыялу нашай краіны і развіцця культурнага і падзейнага турызму на базе старажытных гістарычных цэнтраў Беларусі, а таксама экспарту адукацыйных паслуг.

Значнае прадстаўніцтва сведчыць аб актуальнасці і запатрабаванасці падобнага фармату зносін. У бізнес-форуму ёсць рэальныя перспектывы стаць добрай традыцыяй і даць новы імпульс супрацоўніцтву ва ўсіх галінах паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Узбекістан.













arrow
arrow