adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Праект "Купалаўскі адкрывае сэрцы" пачынае спектакль для дзяцей SOS-Дзіцячыя вёскі

24.07.2019

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы напярэдадні сотага тэатральнага сезона пачынае дабрачынны праект "Купалаўскі адкрывае сэрцы". Ён стартаваў паказам спектакля "Пінская шляхта" рэжысёра Мікалая Пінігіна для дзяцей SOS-Дзіцячыя вёскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Праект "Купалаўскі адкрывае сэрцы" для студэнтаў і школьнікаў, шматдзетных і няпоўных сем'яў, дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, накіраваны на адкрыццё сэрцаў юнакоў і дзяўчат культуры і мастацтву праз тэатральныя пастаноўкі, - расказалі ў тэатры. - Мы хочам стымуляваць моладзь на пазнанне беларускай культуры і тэатральнага мастацтва, што створыць перадумовы для іх далейшай творчай самарэалізацыі".

Паводле слоў гендырэктара SOS-Дзіцячыя вёскі Таццяны Буравай, ім было важна і радасна запрашэнне Купалаўскага тэатра. "У такія моманты разумееш, што мастацтва ў жыцці дзіцяці і сям'і дае не проста магчымасць дакрануцца да гісторыі Беларусі і даведацца пра традыцыі і культуру краіны, але і адчуць, што ты не адзінокі, што побач ёсць людзі, здольныя падарыць не толькі нешта матэрыяльнае, але і духоўнае, - сказала яна. - Вельмі важна, што мастацтва і дабрачыннасць ідуць побач, часам гэта нават важней, чым матэрыяльнае, і намнога каштоўней, таму што дае ўспаміны, якія будуць суправаджаць дзіця ва ўсім яго жыцці".

Першымі ўдзельнікамі дабрачыннага праекта "Купалаўскі адкрывае сэрцы" і гледачамі спектакля "Пінская шляхта" сталі 50 падлеткаў і маладых людзей, якія прыехалі з Мінска, Бараўлян і Мар'інай Горкі разам са сваімі SOS-мамамі, біялагічнымі або прыёмнымі бацькамі, а таксама самастойна.

"Наш праект - гэта, з аднаго боку, адукацыя праз культуру і тэатральнае мастацтва, а з другога, дабрачыннасць. І мы лічым, што гэтыя два фактары цудоўна спалучаюцца разам, - адзначыў гендырэктар тэатра Павел Латушка. - Праз акцыю мы адкрываем сэрцы нашых артыстаў, рэжысёраў, супрацоўнікаў тэатра для ўсіх школьнікаў, моладзі і дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. А яшчэ ствараем дадатковую магчымасць пазнаёміцца з сучасным тэатральным мастацтвам Беларусі, што вельмі важна для нас напярэдадні стагадовага юбілею, які будзе адзначаць наш тэатр пачынаючы з верасня і на працягу ўсяго сезона".

Дырэктар тэатра выказаў надзею, што да дабрачыннага праекта, які падтрымліваюць velcom | A1, "Белдзяржстрах", "Белэксімгарант", далучацца і іншыя партнёры. "Мы плануем, што акцыя будзе мець рэгулярны штомесячны характар, але гэта залежыць ад фінансавай дапамогі партнёраў, - заўважыў ён. - Важна выхаванне моладзі ў падлеткавым узросце, калі фарміруецца разуменне грамадства, дзяржавы і дзяржаўнасці. Будзе нядрэнна, калі дзеці змогуць адчуць атмасферу Купалаўскага тэатра, дзе пануюць творчасць і натхненне, што, магчыма, заахвоціць і іх стаць акцёрам або рэжысёрам".

Павел Латушка таксама расказаў аб намеры стварыць тэатральную школу пры Купалаўскім для дадатковай магчымасці тэатральнай адукацыі юных беларусаў.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)

arrow
arrow