Адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры
22 верасня адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры. Разгледжаны два пытанні - «Аб стане работы па ўмацаванню бяспекі і дысцыпліны і ходзе выканання патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 г. № 1 «Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны», а таксама «Аб вылучэнні кандыдатаў на прадастаўленне грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, маладзёжнай палітыкі (у частцы, якая датычыцца культуры)».
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 верасня 2013 г. № 425 «Аб грантах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, маладзёжнай палітыкі» ў сферы культуры штогод прадастаўляецца да 20 грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Адобраныя сёння на калегіі Міністэрства культуры кандыдатуры на суісканне грантаў на 2023 год будуць унесены на разгляд у рэспубліканскую камісію.
Згодна з указам грант даецца на стварэнне твораў мастацкай літаратуры, выяўленчага і іншых відаў мастацтва, фільмаў; правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў высокага творчага ўзроўню, якія садзейнічаюць захаванню нацыянальных духоўных традыцый і прагрэсіўнаму развіццю беларускай культуры; распрацоўку і рэалізацыю наватарскіх канцэпцый правядзення міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў і іншых культурных мерапрыемстваў; стварэнне новых экспазіцый музеяў; адраджэнне ў сучасных умовах народных традыцый, звычаяў, абрадаў, тэхналогій выканання вырабаў народных промыслаў і іх выкарыстанне ў практыцы работы арганізацый культуры; захаванне, у тым ліку рэстаўрацыю, рэканструкцыю гісторыка-культурных каштоўнасцей; падрыхтоўку ўдзельнікаў міжнародных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў, фестываляў, выставак; рэалізацыю наватарскіх праектаў, накіраваных на прапаганду і папулярызацыю дасягненняў беларускай культуры і мастацтва ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі.
Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выплачваецца за кошт сродкаў рэзервовага фонду Прэзідэнта штомесяц у памеры 41 базавай велічыні на працягу года з дня яго прадастаўлення.