adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Сумеснае пасяджэнне калегій Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства культуры Расіі

06.06.2022

6 чэрвеня ў Маскве адбылося сумеснае пасяджэнне калегій Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства культуры Расіі. На пасяджэнні былі разгледжаны актуальныя напрамкі беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў галіне культуры і мастацтва, абмеркаваны ход выканання рашэнняў, прынятых на сумесным пасяджэнні калегій у лістападзе 2020 года ў Мінску.

Акрамя таго, Міністры культуры Анатоль Маркевіч (Беларусь) і Вольга Любімава (Расія) падпісалі зводны План супрацоўніцтва паміж міністэрствамі на 2022 - 2024 гг. План прадугледжвае сістэмныя мерапрыемствы ва ўсіх сферах культуры – музейнай справе, тэатральным мастацтве, гастрольнай дзейнасці, кінематаграфіі і бібліятэчнай справе.

– Сумеснае пасяджэнне калегій двух міністэрстваў заўсёды становіцца дыялогавай пляцоўкай для пошуку новых форм узаемадзеяння паміж нашымі ведамствамі і арганізацыямі культуры ў рамках паглыблення інтэграцыйных працэсаў, – адзначыў Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч.

Выступаючы на ​​сумесным пасяджэнні калегій, Анатоль Мечыслававіч звярнуў асаблівую ўвагу на сумесную работу дзвюх дзяржаў па захаванні памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і аб Вялікай Перамозе.

Яркімі сведчаннямі гэтай работы сталі рэалізаваныя ў рамках Саюзнай дзяржавы маштабныя праекты - Ржэўскі мемарыял савецкаму салдату, які быў урачыста адкрыты Прэзідэнтамі нашых краін, і мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць - герой», дзе ажыццёўлена маштабная рэканструкцыя, адзначаная спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

– Свята-памятныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны знайшлі адлюстраванне ў шматлікіх сумесных беларуска-расійскіх праектах. Мы ніколі не робім паўзы ў гэтай працы, - адзначыў Кіраўнік беларускага ведамства.

Так, у кастрычніку 2021 г. у рамках маштабнага беларуска-расійскага праекта «Нюрнбергскі набат. Без тэрміну даўніны» ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшла выстава, на сцэне Вялікага тэатра Беларусі салісты Маскоўскага музычнага тэатра «Гелікон-опера» сумесна з беларускімі артыстамі выканалі Рэквіем Джузепе Вердзі. Адбылася сумесная выстава Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Дзяржаўнага мемарыяльнага музея абароны і блакады Ленінграда - «Сімвалы блакаднага Ленінграда», якая прайшла ў Мінску. І такіх яскравых прыкладаў шмат.

Далейшае супрацоўніцтва паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі прадугледжвае ўзаемадзеянне па шэрагу напрамкаў: кінематаграфія, тэатральная, музейная і бібліятэчная сферы, адукацыя ў сферы культуры і інш.

Як адзначыў Міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч, спецыялістам у галіне кіно нашых краін трэба засяродзіць намаганні на стварэнні гістарычных і біяграфічных фільмаў і тэлесерыялаў аб выдатных асобах Беларусі і Расіі пры фінансавай падтрымцы міністэрстваў культуры, Фонду кіно, Саюзнай дзяржавы. Прыярытэтным праектам павінен стаць фільм, прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі.

– З улікам значнасці і важнасці тэмы, неабходнасці выпуску фільма да 9 мая 2025 года мяркую мэтазгодным працу ў гэтым напрамку пачаць ужо восенню 2022 года, – заявіў Анатоль Мечыслававіч.

На сумесным пасяджэнні калегій дырэктар Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Кацярына Дулава прапанавала стварыць на базе тэатра ў Мінску цэнтр па абмене вопытам для маладых талентаў Беларусі і Расіі. Акрамя таго, дасягнута дамоўленасць аб выступленнях Вялікага тэатра оперы і балета ў кастрычніку 2022 года на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Расіі. А ўжо ў 2023 годзе ў Мінск прыедзе з гастролямі Вялікі тэатр Расіі.

На пасяджэнні было адзначана, што праектам асаблівай значнасці, які з'явіўся ў выніку супрацоўніцтва таленавітых музыкантаў дзвюх краін, стаў Маладзёжны беларуска-расійскі сімфанічны аркестр. Ён заснаваны ў 2008 годзе Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Расійскай Федэрацыі. З 2020 года праект быў прыпынены. Сёння дзякуючы намаганням міністэрстваў культуры дзвюх дзяржаў дзейнасць Маладзёжнага беларуска-расійскага аркестра адраджаецца. Плануецца, што ў яго склад увойдуць 100 маладых музыкантаў: 70 расiйскіх і 30 беларускіх. Для іх будзе арганізавана адукацыйна-рэпетыцыйная сесія ў Маскоўскай вобласці з удзелам вядучых педагогаў Беларусі і Расіі. Вынікам стануць гастролі аркестра ў нашых краінах.

На паседжанні калегій свае прапановы выказаў і генеральны прадзюсер Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Карачэўскі. У гэтым годзе пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі, Саюза кінематаграфістаў, кінапракатных арганізацый нашай краіны Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» праводзіць гадавую патрыятычную акцыю «Кінаурокі гісторыі. Ідзі і глядзі», у межах якой праходзяць паказы вядомых беларускіх фільмаў і сустрэч з вядучымі кінематаграфістамі краіны ва ўсіх абласцях і раёнах. Уладзімір Карачэўскі прапанаваў зрабіць сумеснай гэту паспяховую акцыю з Расійскай Федэрацыяй, уключыўшы ў спіс фільмаў Залатую калекцыю расійскага патрыятычнага кіно.

arrow
arrow