adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Свята "Купалле" пройдзе 9-10 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна

17.06.2016

Больш за 600 майстроў з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы прадставяць свае вырабы на свяце "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"). Канцэпцыяй свята прадугледжана работа "Горада дружбы", які ўключае 3 святочныя вуліцы: Мінскую, Маскоўскую і Кіеўскую. Таксама тут будзе працаваць творчая дэлегацыя з Літвы. Работа майстравога горада будзе арганізавана па прынцыпе кірмашовага дзеяння: гасцей будуць сустракаць латочнікі, скамарохі, мабільныя групы аніматараў і музыкантаў. Усіх будуць частаваць салам, маласольнымі агуркамі, мёдам і, вядома, вясёлым народным гумарам, песнямі і частушкамі. Пасля такой гасціннай беларускай тэрапіі госці адразу трапяць у свет дэкаратыўна-прыкладной і сучасных відаў творчасці, выкананых у самых розных тэхніках. На "вуліцы Мінскай" майстры і народныя ўмельцы Магілёўшчыны прадставяць сваю творчасць у асобных павільёнах і зонах: "Чароўныя кросны" - ткацтва і вышыўка, пляценне карунак; "Казкі і быліны агню і гліны" - ганчарства і кераміка; "Сонечная саломка" - галаўныя ўборы, цацкі, элементы інтэр'еру, упрыгажэнні, вырабленыя з "беларускага золата" - саломкі, або з элементамі інкрустацыі; "Дрэва жыцця" - лозапляценне і разьба па дрэве, а таксама работа бондараў і іншых. На "вуліцы Маскоўскай" і "вуліцы Кіеўскай" будуць размешчаны майстры з краін-суседзяў, прэзентавацца стравы нацыянальных кухняў, традыцыйнае мастацтва вышыўкі, ганчарства і керамікі, вырабы з дрэва і бяросты, пісанкі, ювелірнае мастацтва, роспіс, хусткі.

На кожнай вуліцы будуць размешчаны атракцыёны-фотаатэлье з каларытнымі роставымі фігурамі ў нацыянальных касцюмах. Творчыя групы беларускіх, рускіх і ўкраінскіх персанажаў будуць ствараць на гэтых міні-пляцоўках кірмашовую атмасферу, запрашаць наведвальнікаў для фатаграфавання. Гулянні традыцыйна пройдуць у маляўнічым месцы на беразе Дняпра, каля моста, які злучае не толькі два населеныя пункты - Александрыю і Копысь, але і дзве вобласці - Магілёўскую і Віцебскую.

Галоўнай культурнай падзеяй свята стане гала-канцэрт "Купальская казка" з удзелам зорак беларускай і замежнай эстрады. Плануюцца паказальныя коннаспартыўныя выступленні, дэманстрацыйныя палёты самалётаў ДТСААФ, работа дзіцячых атракцыёнаў, запальванне купальскіх вогнішчаў, святочны феерверк і лазернае шоу.

У мінулым годзе Александрыя сабрала больш за 60 тыс. гасцей. Чакаецца, што ў гэтым годзе прыгожае беларускае свята наведаюць амаль 100 тыс. чалавек.

arrow
arrow