adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

У Каложскай царкве ў Гродне завершаны капрамонт драўлянай сцяны. На яе капітальны рамонт выдзелены сродкі з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва

26.01.2018

У Каложскай царкве ХІІ стагоддзя ў Гродне завершаны капітальны рамонт драўлянай сцяны,  паведамилі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.

Драўляная сцяна ў аднаго са старэйшых храмаў Беларусі з'явілася больш за 100 гадоў таму пасля таго, як частка будынка была пашкоджана апоўзнем. За гэты час сцяна знасілася. На яе капітальны рамонт з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва выдзелена каля Br200 тыс. Цяпер работы завершаны. Была адноўлена нясучая здольнасць каркаса будынка, драўляная сцяна была выраўнавана па гарызанталі і вертыкалі, заменена абшыўка фасада. Важным элементам абліцоўкі сталі вертыкальныя пілястры, якія паўтараюць форму існуючых пілястраў з клінкернай цэглы на паўночным фасадзе. Новая сцяна будзе даўгавечная за кошт устойлівасці да знешняга ўздзеяння: сонечнага святла, вільгаці, перападаў тэмпературы. Акрамя таго, на дубовыя заменены вокны і дзверы ў храме, уцеплены паддашак і сцяна. У рабоце былі выкарыстаны ў асноўным натуральныя матэрыялы. Якасць работы на вышэйшым узроўні.

Генеральным падрадчыкам выступіла ААТ "Гроднажылбуд". Цяпер разглядаецца пытанне аб кансервацыі існуючай мураванай сцяны храма. "Наперадзе ў нас два важныя этапы. Першы з іх - унутраныя работы ў храме, рамонт балкона, лесвіцы, іншае. Вясной будзе праведзена і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол храма. Трэба будзе вырашыць пытанне з адвядзеннем вады", - адзначыў настаяцель Каложскай царквы протаіерэй Аляксандр Балоннікаў. Ён падкрэсліў, што нават на час работ богаслужэнні ў храме не перапыняліся. Храм можна наведаць на працягу ўсяго светлавога дня. Каложская царква - адна з турыстычных візітных картак горада. Як расказалі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, у цэнтры ўвагі і іншыя архітэктурныя помнікі рэгіёна. У 2018 годзе работы будуць весціся адразу на некалькіх аб'ектах. У прыватнасці, прадоўжыцца рэстаўрацыя Старога замка ў Гродне, завершацца будаўнічыя работы на вежы Гедыміна ў Лідзе: хутка тут з'явіцца музейная экспазіцыя. Будзе прадоўжана ўмацаванне схілаў Замкавай гары ў Навагрудку, работы па кансервацыі ў Крэўскім і Гальшанскім замках. У гэтым годзе будзе і далей весціся рэстаўрацыя Свяцкага палацава-паркавага комплексу ў Гродзенскім раёне і парку ў сядзібе кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі Смаргонскага раёна.

arrow
arrow