У аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна адбыўся Рэспубліканскі свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў – 2022»)
Лейтматывам 13-га рэспубліканскага свята «Купалле» стала ідэя захавання гістарычнай памяці, традыцый, нацыянальнай самабытнасці, што чырвонай ніткай праходзіла праз усе мерапрыемствы маштабнага гуляння. З самай раніцы пачалі працу шматлікія пляцоўкі, фотазоны, імправізаваныя майстэрні, атракцыёны. Была прадстаўлена выстава тэхнікі айчынных вытворцаў, крыху пазней адбыўся модны паказ і цыркавое шоу. Госці маглі сустрэцца з беларускімі літаратарамі і ўбачыць фінал рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар сяла».
Горад майстроў сёлета атрымаў назву «Кола жыцця». Ён уяўляў сабой стылізаваныя вуліцы з купальскімі падворкамі, дзе можна было ўбачыць і набыць сувеніры і вырабы рамеснікаў. Акцэнт - на этніку і багацце беларускай гісторыі і культуры. Дэлегацыі з усіх куткоў краіны прэзентавалі святы беларускага народнага календара. Але не толькі беларусы працавалі на кірмашы. Прыехалі каля 100 замежных майстроў з 13 расійскіх рэгіёнаў, а таксама з Казахстана і Таджыкістана.
Аднавіць сілы і перавесці дух ад гулянняў адпачываючыя маглі на фуд-корце - як ніколі маштабным і разнастайным. Гандлёвыя рады раскінуліся на паўтара кіламетра, у распараджэнні гасцей фестывалю амаль 3 тысячы пасадачных месцаў. Прылаўкі гнулiся ад шашлыкоў, блінцоў, дранікаў, марожанага, квасу і іншых пачастункаў. Разыначкай гэтага года сталі традыцыйныя стравы нацыянальнай кухні. Напрыклад, можна было пакаштаваць збіцень, медавуху і травяныя напоі па старажытных рэцэптах.
На малой і галоўнай фестывальных сцэнах таксама было горача. У прыватнасці, для землякоў праспяваў Руслан Аляхно. А кульмінацыяй свята стаў вячэрні гала-канцэрт. У двухгадзінным музычным дзействе «Ёсць на што паглядзець!» выступілі зоркі беларускай і расійскай эстрады: Аляксандр Саладуха, Вікторыя Алешка, Ірына Дарафеева, Алена Ланская, сёстры Груздзевы, «Верасы». Выступілі таксама Прэзідэнцкі аркестр, Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, групы «Аура» і «Дразды». Да таго ж кожны рэгіён прапанаваў сваіх артыстаў з народа. Запрошанай госцяй «Купаля» сёлета стала Алена Ваенга.
Яркі пункт у вячэрнім шоу паставіў маляўнічы феерверк. Але купальскія гулянні на гэтым не скончыліся. Начная дыскатэка працавала да світання.
Крыніца: sb.by