У рамках Дзён духоўнай культуры Расіі ў Беларусі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж установамі культуры дзвюх краін
У прыватнасці, падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Усерасійскім мастацкім навукова-рэстаўрацыйным цэнтрам ім. І.Э. Грабара (Масква). Заключаны Мемарандум аб міжнародным супрацоўніцтве паміж Музеем гісторыі горада Мінска і Аб'яднаным мемарыяльным музеем-запаведнікам Ю.А. Гагарына. У 2023 годзе ў галерэі Музея гісторыі горада Мінска будзе прадстаўлены вялікі выставачны праект «Беларусь касмічная» з фондаў расійскага Музея-запаведніка.
На 2023 г. запланаваны абмен выставачнымі праектамі з Расійскім нацыянальным музеем музыкі. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прадставіць выставачны праект, прысвечаны ВІА «Песняры», Расійскі нацыянальны музей музыкі - выставачны праект да 150-годдзя з дня нараджэння Сяргея Рахманінава. Дасягнута дамоўленасць аб падпісанні яшчэ шэрага дагавораў паміж установамі культуры.
Акрамя таго, Міністэрствам культуры Расійскай Федэрацыі прапанавана правесці ў 2023 годзе беларуска-расійскі музейны форум.