XXXI Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Першы афіцыйны дзень форуму
Урачысты старт васільковага форуму мастацтваў і Дзён Саюзнай дзяржавы, адкрыццё імянной зоркі на алеі ля Летняга амфітэатра, конкурс майстроў традыцыйнага ткацтва, фэст мажарэтак і не толькі.
Першы афіцыйны дзень форума вельмі насычаны. Асноўная падзея, якой заўсёды з нецярпеннем чакае глядач, - урачыстая цырымонія адкрыцця XXXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Старт фестывалю далі знакамітыя артысты, сярод якіх Рыгор Лепс, Сяргей Бязрукаў, Таісія Павалій, Дзяніс Майданаў, Анатоль Ярмоленка і ансамбль «Сябры», Зара, Руслан Аляхно. Усяго больш за паўсотні зорак і калектываў.
За некалькі гадзін да гэтага ў круглай зале КЗ «Віцебск» адбылося адкрыццё міжнароднага прэс-цэнтра і прэс-канферэнцыя да афіцыйнага старту фестывалю. Пазней тут жа журналісты задалі сур'ёзныя, пацешныя і вострыя пытанні ўладальніцы Гран-пры конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2021» Рухіі Байдукенавай. Затым - народнаму артысту Беларусі Анатолю Ярмоленка з ансамблем «Сябры» - музыканты сёлета ўдастоены спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення». Так што на Алеі зорак у Летняга амфітэатра заззяў новы імянны васілёк.
Пленэрная выстава да 140-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Я.Коласа і Я.Купалы ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва адкрыла праграму Дзён Саюзнай дзяржавы. Прымеркаваныя да іх сустрэчы, выставачныя праекты, святы ў фармаце open-air і дыскусійная пляцоўка пройдуць з 14 па 17 ліпеня.
На Алеі воінскай славы ў парку Пераможцаў адкрылася» патрыятычная выстава «Лёсы, складзеныя ў трыкутнік». Сумесны праект з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прэзентавала Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Сур'ёзная вакальная барацьба працягнулася і на юбілейным дзіцячым музычным конкурсе. Цяпер удзельнікі з 15 краін выступілі з песняй на свой выбар.
Адценні Пакістана прадэманстравалі мастакі і фатографы гэтай краіны на аднайменнай выставе ў Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання.
Пра жыццё, тэатр і кіно ў адкрытым маналогу расказаў гледачу расійскі акцёр Сяргей Бязрукаў. Серыю пастановак майстроў лялечнага віду мастацтва пачала казка мясцовага тэатра «Лялька». Увечары эстафету падхапіў Белгарадскі тэатр лялек, прэзентуючы гледачу хронікі блакады «Кажа Ленінград».
Адразу на некалькіх адкрытых пляцоўках Віцебска разгарнуўся фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». У цэнтры распачалі працу кірмаш рамёстваў «Горад майстроў» і свята-конкурс традыцыйнага ткацтва «Палатняныя пераплёты». Ужо пяты раз падчас васільковага форуму прайшоў міжнародны фестываль барабаншчыц і мажарэтак.
Акорды XXXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» сёлета будуць гучаць па 18 ліпеня.
Крыніца: БЕЛТА