adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Законапраект аб унясенні змяненняў у Кодэкс аб культуры адобраны Саветам Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь

28.06.2022

Законапраект аб унясенні змяненняў у Кодэкс аб культуры адобраны Саветам Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь. Законапраект прадставiў Міністр культуры Анатолiй Маркевіч.

Праца над удасканаленнем Кодэкса вялася больш за два гады. Свае прапановы ўносілі дзеячы культуры, творчыя саюзы, арганізацыі культуры, выканкамы. У выніку змены закранулі 126 артыкулаў. Самыя істотныя датычацца пытанняў аховы гісторыка-культурнай спадчыны, вывазу культурных каштоўнасцей, арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў, музейнай справы.

У прыватнасці, змяненні, што ўносяцца ў Кодэкс, дадуць магчымасць аператыўна вырашаць пытанні выканання рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’ектах спадчыны рэгіянальнага значэння (катэгорыя “3”). Ад Міністэрства культуры на ўзровень выканкамаў будуць перададзены паўнамоцтвы па ўзгадненні навукова-праектнай дакументацыі і выдачы заключэнняў па прыняцці аб’ектаў у эксплуатацыю. Гэта закране 87 % нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей ад агульнай колькасці ўключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым Міністэрства культуры будзе адзіным дзяржаўным органам, які мае права надаваць культурным каштоўнасцям статус гісторыка-культурных каштоўнасцей, пазбаўляць гэтага статусу, вызначаць катэгорыі гісторыка-культурных каштоўнасцей. Разам з тым пры вынясенні канчатковага рашэння міністэрствам будуць улічвацца меркаванні выканкамаў па кожным аб’екце.

Што датычыцца вывазу культурных каштоўнасцей, то прапануецца спрашчэнне працэдуры атрымання дазволу для вывазу тых каштоўнасцей, якія не адносяцца да гісторыка-культурных і не ўключаны ў музейныя фонды рэспублікі. Права выдачы пісьмовага паведамлення аб тым, што заключэнне на вываз не патрабуецца, будзе перададзена ад Міністэрства культуры упраўленням культуры выканкамаў. Асабліва гэта актуальна для грамадзян і арганізацый, якія знаходзяцца ў рэгіёнах.

Новаўвядзенні закрануць і культурна-відовішчныя мерапрыемствы. Усім юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам для іх правядзення неабходна будзе мець гастрольнае пасведчанне.
Выключэнне – правядзенне такіх мерапрыемстваў па рашэнні дзяржаўных органаў, а таксама калі арганізатарамі мерапрыемстваў выступаюць дзяржаўныя філармоніі, Палац Рэспублікі, Мінскканцэрт, дзяржаўныя тэатры і цыркі, дзяржаўныя тэлевізійныя кампаніі, юрыдычныя асобы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Акрамя таго, будзе сфарміраваны і весціся рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Уключэнне ў рэестр дае права на арганізацыю і правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў.

Яшчэ адно новаўвядзенне тычыцца музейнай справы. Законапраектам прадугледжана права ажыццяўлення экскурсійнага абслугоўвання ў музеях толькі штатнымі музейнымі работнікамі. Экскурсійнае абслугоўванне іншымі асобамі будзе з’яўляцца незаконным і будзе забараняцца.

Фото БЕЛТА

arrow
arrow