Паліфон атрымаў назву ў гонар красамоўнай грэчаскай багіні Каліёпы – музы эпічнай паэзіі, навукі і філасофіі. Прызначаны ён для здымання гукаў музычных твораў з металічных дыскаў. Слова “паліфон” паходзіць ад грэчаскага – “паліфанія”, што азначае – шматгалоснасць. Механічныя прыборы вядомыя яшчэ з XVI ст. Але сусветную папулярнасць яны набылі пасля таго, як нямецкі інжынер Паўль Лохман з Лейпцыга прапанаваў новы гуказдымальнік – металічны дыск з зубчыкамі. Дыскавыя аўтаматы Лохмана шырока выпускаліся з 1886 г. У народзе іх называлі “музычнымі шафамі” ці “музычнымі скрынямі”. Менавіта ў Лейпцыцгу з'явіліся новыя фірмы па вытворчасці дыскавых машын. Найбольш буйнымі з іх былі паліфон і сімфаніён. Новыя механічныя прыборы атрымалі аднаіменныя назвы: паліфоны, сімфаніёны і пачалі заваёўваць рынак.
Дадзены паліфон створаны ў канцы ХІХ ст. ў Германіі. Складаецца ён з верхняй шафы, праз шкляную дзверцу якой можна сачыць за рухам дыска і ніжняй шафы для захоўвання дыскаў. Зверху шафа ўвянчаная патоўшчаным карнізам, упрыгожаным разнымі вертыкальнымі палосамі паабапал надпісу "Kalliope".
Паліфон дзейнічае пры абаротах металічнага дыска з перфараваным краем, па ўсёй паверхні якога выбіты штыфты ў адпаведнасці з аранжыраваным творам. Дыск пры абаротах зачэплівае штыфтамі зубцы грабёнкі, тым самым прыводзіць у дзеянне смычкі, якія адкрываюць доступ паветра да труб, у выніку чаго ўзнікае гук. У дзеянне паліфон прыходзіў пры дапамозе заводу спружыны абаротамі рычага.
Асабліва цікавай асаблівасцю з’яўлялася тое, што прыбор мог быць і аўтаматычным: заведзеная спружына пачынала раскручвацца пасля апускання манеты ў адпаведную адтуліну. На бакавой панэлі дадзенага паліфона маецца адтуліна для манеты і металічнай накладка, на якой указана вартасць манеты: "Einwurf 10 Pfennig" (адтуліна для апускання манеты 10 пфенінгаў).
Падобныя механізмы набылі папулярнасць у корчмах, рэстаранах, розных забаўляльных установах, у побыце заможных людзей. Рэпертуар складаўся з перазвонаў, найгрышаў, бытавой і забаўляльнай музыкі - модных песенек, танцаў, п’есак, а таксама асобных нумароў з папулярных опер, аперэт і інш.
Да паліфона “Каліёпа” захавалася 39 металічных дыскаў з папулярнымі ў ХІХ ст. музычнымі творамі. Гэта вальс "Над хвалямі", напісаны мексіканскім кампазітарам Хувенцінам Росасам, «Карнявільскія званы» – трэцяя аперэтта Р. Планкета; «Сельскі гонар» – опера П'етра Масканьі; «Цар і цясляр» – нямецкая камічная опера 1837 г. кампазітара Альберта Лорцынга; "О Святая ноч" – знакамітая калядная песня, кампазітара Адольфа Адама, якая выконваецца традыцыйна падчас начной каляднай імшы ў каталіцкай царкве; вядомая мексіканская песня “Галубка” кампазітара Себасцьяна Ірадзьера, марш "Вашынгтон пост" складзены ў 1889 годзе Джонам Філіпам Сузам; вальсы "Гейша", “Валацуга”, “Дунайскія хвалі”; "Кэк Вок" – пірожнае шэсце (танец з тортам) – фанабэрысты танец неграў.
Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж»