20-годдзе з дня заснавання Рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва”
Калектыў Рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” святкуе юбілейную дату – 20-годдзе з дня заснавання. Менавіта гэтая ўстанова стала першым у Рэспубліцы Беларусь медыяхолдынгам, які аб’яднаў пад адным дахам газету “Культура”, якая летась адзначыла 30 гадоў з часу выхаду ў свет, і часопіс “Мастацтва”, якому неўзабаве споўніцца 40 гадоў. Заснавальнікам выданняў выступае Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Выданні Рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” сваімі актуальнымі інфармацыйнымі і эксклюзіўнымі аналітычнымі матэрыяламі ствараюць летапіс культурнага жыцця краіны, чым заваявалі прыхільнікаў па ўсёй Беларусі. Холдынг выпусціў вялікую колькасць спецнумароў да знакавых падзей рэспублікі, памятных дат, унікальныя кнігі, альбомы і каталогі. Неаднаразова з афіцыйнымі дэлегацыямі яго друкаваная прадукцыя прадстаўляла краіну на міжнароднай арэне.
Сёння ў рэдакцыях газеты і часопіса працуюць калектывы дасведчаных журналістаў, карыфеяў сваёй справы, а таксама прадстаўнікі маладога пакалення пераемнікаў, якія імкнуцца захоўваць сталыя традыцыі. На старонках выданняў холдынга друкуюцца аўтарытэтныя эксперты і пазаштатныя аўтары з рэгіёнаў, што робіць і газету, і часопіс бліжэйшымі да аўдыторыі і яе патрэб.
Пераступаючы парог новага дзесяцігоддзя, “Культура і мастацтва” і надалей будзе радаваць сваіх чытачоў матэрыяламі найвышэйшага гатунку.