Аб наданні г.Гродна статусу “Культурная сталіца Беларусі 2014 года”
20.05.2016
Калегіяй Міністэрства культуры, пасяджэнне якой адбылося 25 верасня 2013 года, разглядалася пытанне аб наданні статусу “Культурная сталіца Беларусі 2014 года”.
Прэтэндэнтамі былі Маладзечна і Гродна. Абодва гарады прадставілі прэзентацыі.
Па выніках абмеркавання Культурнай сталіцай аднагалосна абраны горад Гродна.
Гэта адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі. Ён унікальны тым, што да гэтае пары захаваў сваю гісторыю (ад ХІІ стагоддзя) у шматлікіх помніках гісторыі і культуры, у планіроўцы гарадскіх кварталаў.
Непараўнальную адметнасць і турыстычную прывабнасць маюць Барысаглебская (Каложская) царква, Стары і Новы замкі, чатыры ўнікальныя касцёлы, Свята-Ражджаства-Багародзічны манастыр, сінагога, лютаранская кірха, квартал палацаў Агінскіх, Браніцкіх, Радзівілаў, Храптовічаў, помнікі архітэктуры часоў гродзенскага старасты Тызенгауза і мноства іншых, што дае падставы Гродна звацца “горадам-музеем”.
У розныя часы ў Гродна жылі і валадарылі князі і каралі Вітаўт, Давід Гарадзенскі. Стэфан Баторый, Ян ІІІ Сабескі, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Бона Сфорца. Тут пабывалі цар Пётр І, каралі Аўгуст ІІ і Карл ХІІ, Тадэвуш Касцюшка, П.А.Сталыпін. З гэтым горадам звязаны імёны вучонага Ж.Э.Жылібера, пісьменнікаў і паэтаў Э.Ажэшкі, М.Багдановіча, В.Быкава, А.Карпюка, Д.Бічэль-Загнетавай, мастака Л.Бакста.
Сучасны Гродна імкліва развіваецца, не страчваючы сваёй старажытнай своеасаблівасці. Тут праводзіцца каля 20 міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных фестываляў і конкурсаў. У 2012 годзе тут быў праведзены Першы нацыянальны музейны форум.
Гродна - сталіца аднаго з самых маляўнічых фестываляў краіны - Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. 6-8 чэрвеня 2014 года тут пройдуць заключныя мерапрыемствы Х юбілейнага фестывалю. Яны стануць гучнымі і выразнымі акордамі ў партытуры мастацкіх імпрэз падчас акцыі “Гродна - культурная сталіца Беларусі”.