adress г.Минск, 220004, пр. Победителей, 11

Министерство культуры Республики Беларусь

Беларусь святкуе 140-годдзе з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы

23.06.2022

Сёлета, у Год гістарычнай памяці, Беларусь святкуе 140-годдзе з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. З нагоды юбілею традыцыйныя Купалаўскія дні, якія ладзіць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, пройдуць асабліва ўрачыста.

24 чэрвеня ў 18.30 Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на “Купальскаю ноч у Купалавым доме”, якая адбудзецца напярэдадні дня нараджэння Янкі Купалы. Купалле лічылася часам цудаў: быццам бы толькі ў гэтую ноч расцвітала чарадзейная папараць-кветка, паданне пра якую ўвасобіла мару чалавека пра шчаслівае жыццё. З гэтай легенды пачынаецца мастацкі свет Янкі Купалы. 
У праграме – традыцыйны купальскі вечар пры ўдзеле фальклорнага гурта “Этнасуполка” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, падчас якога пройдуць майстар-класы па пляценні купальскіх вянкоў і старадаўніх песнях і танцах.

28 чэрвеня а 16 гадзіне на Вайсковых могілках Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ладзіць Жальбіны з нагоды 80-й гадавіны смерці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. 
У музеі Песняра захоўваецца спецпаведамленне, дзе пазначана, што 28 чэрвеня 1942 года ў 22 гадзіны 30 хвілін “упаў у лесвічны пралёт і разбіўся насмерць народны паэт Беларусі Янка Купала”. Пахаванне адбылося 1 ліпеня 1942 года ў Маскве. У 1962 годзе прах паэта перазахавалі на Вайсковых могілках у Мінску. 
Сучаснікі Янкі Купалы, якім пашчасціла сустракацца і сябраваць з паэтам, захавалі пра яго самую светлую памяць. Для ўсіх наступных пакаленняў жыве слова Песняра, поўнае любові да Бацькаўшчыны і беларускага народа. 
У знак удзячнай памяці творцы запрашаем ускласці кветкі на яго магілу, паслухаць вершы-прысвячэнні Янку Купалу ад беларускіх паэтаў, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі.

2 ліпеня а 13-й гадзіне Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на свята паэзіі “Купала заўсёды ў сэрцы маім”, якое прымеркавана да Дня нараджэння народнага паэта Беларусі і адбудзецца ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Ляўкі” (Аршанскі раён, Віцебская вобласць). 
Музей пры падтрымцы аддзела культуры Аршанскага райвыканкама рыхтуе святочную праграму з удзелам паэтаў і пісьменнікаў, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, музычных калектываў і выканаўцаў. 
Спецыяльны госць свята – Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры» з канцэртнай праграмай на словы Янкі Купалы.
Ганаровыя госці свята аддадуць даніну павагі класіку беларускай літаратуры і ўскладуць кветкі да помніка Песняру.
У рамках мерапрыемства адбудзецца ўрачыстае адкрыццё бюста Янку Купалу на тэрыторыі “Копыскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Аршанскага раёна імя Янкі Купалы”.
Свята ў Ляўках стане выдатным днём для сямейнага адпачынку ў адным з найпрыгажэйшых куточкаў Беларусі! Кожны зможа адчуць мілагучнасць роднай мовы і атрымаць асалоду ад традыцыйных беларускіх і аўтарскіх песень, прыняць удзел у майстар-класе па пляценні купальскіх вянкоў.

7 ліпеня 2022 года а 11-й гадзіне ў парку імя Янкі Купалы адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка народнаму паэту Беларусі з нагоды140-годдзя з дня яго нараджэння.
Янка Купала стаў сімвалам Беларусі, ён вызначыў духоўныя арыенціры сучаснікам і нашчадкам. Псеўданім, абраны ў гонар Купалля – старажытнага свята, прысвечанага Сонцу, – засведчыў непарыўную знітаванасць мастацкага свету паэта з найкаштоўнейшымі скарбамі беларускай духоўнасці. Свой магутны талент ён прысвяціў Бацькаўшчыне, жыў і ствараў “з адною думкаю аб шчасці Беларусі”. Слова Янкі Купалы – паэта, драматурга, публіцыста – служыла адраджэнню роднага краю, станаўленню яго дзяржаўнасці. Сёння яно гучыць у нашай мове, у нашай паэзіі, жыве ў нашых сэрцах. У дзень нараджэння творцы яно зноў збярэ і з’яднае ўсіх, у чыёй душы гарыць нязгасны агонь шчырай любові да Бацькаўшчыны. Той агонь, што жывіў паэзію Янкі Купалы – беларускага Песняра і Прарока.
Аздобай свята стануць песні на словы Янкі Купалы ў выкананні Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь.

9 ліпеня 2022 года а 12-й гадзіне ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Вязынка» (Мінская вобласць, Маладзечанскі раён) у 50 раз адбудзецца рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…», якое ладзіцца сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, Мінскім аблвыканкамам, Маладзечанскім райвыканкамам.
Вязынка – адзін з найпрыгажэйшых куткоў Міншчыны – зноў збірае сяброў, каб адсвяткаваць 140-годдзе нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Менавіта тут знаходзіцца выток магутнай плыні Купалавай паэзіі. Яе мастацкі свет стаў неад’емнай часткай духоўнага скарбу беларускага народа. Тут пачатак шляху творцы, які стаў сімвалам беларусаў як нацыі і з ідэаламі якога звяраюць сваё жыццё ўсё новыя і новыя пакаленні. 
Вершы, прысвечаныя Песняру, на яго радзіме прачытаюць беларускія паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. 
Музычныя творы, натхнёныя мілагучнымі Купалавымі радкамі, выканаюць Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», фальклорная група «Купалінка», фальклорны ансамбль «Ватра», этнічная група «Арацэя», мастацкія калектывы Маладзечанскага раёна.
Свята ў Вязынцы стане выдатным сямейным адпачынкам. Памяткі аб ім прапануюць гасцям кірмаш рамёстваў і кніжны кірмаш. А шматлікія фотапляцоўкі дадуць магчымасць зафіксаваць гэты дзень у сямейным фотаальбоме. 
Запрашаем усіх далучыцца ў Год гістарычнай памяці да мерапрыемстваў па ўшанаванні першага народнага паэта Янкі Купалы.


arrow
arrow