Міністр культуры Анатолій Маркевіч прадставіў калектыву Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы новага кіраўніка
Міністр культуры прадставіў калектыву новага дырэктара, пад чыім кіраўніцтвам музей будзе развівацца далей. Ім стала Ганна Галінская. Як заўважыў Анатолій Мечыслававіч, яна добра вядома сярод музейшчыкаў. Больш за 20 гадоў Ганна Васільеўна працавала ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, з іх 9 – на пасадзе намесніка дырэктара па навуковай рабоце. У свой час скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, затым аспірантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Ганна Васільеўна глыбока ведае спецыфіку музейнай справы, добра арыентуецца ў стратэгіі развіцця музейнай галіны, міжнародных навуковых і культурных сувязях. Так, Г.В. Галінская з’яўлялася аўтарам выставы «Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны», куратарам такіх знакавых праектаў, як «Беларуская журналістыка ваенных гадоў» (за дадзеную выставу адзначана дыпломам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь), «Лёс жанчыны», «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» і многіх іншых.
Міністр культуры Анатолій Маркевіч выказаў упэўненасць, што Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы пад кіраўніцтвам Ганны Галінскай рэалізуе шэраг новых праектаў па патрыятычным, духоўным выхаванні нашай моладзі.
У бягучым годзе адзначаецца 140–годдзе з дня нараджэння народнага паэта Янкі Купалы. Музей праводзіць разнастайныя мерапрыемствы, якія дазваляюць бліжэй пазнаёміцца са спадчынай класіка як у Беларусі, так і за яе межамі.