adress г.Минск, 220004, пр. Победителей, 11

Министерство культуры Республики Беларусь

Святкаванне 70-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Уладзіміра Слабодчыкава ў Акадэміі мастацтваў

27.04.2022

27 красавіка калектыў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў сабрала выдатная нагода – святкаванне 70-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, загадчыка кафедры скульптуры акадэміі Уладзіміра Слабодчыкава.

– Шаноўны Уладзімір Іванавіч! З вашым імем звязана натхняльная праца на карысць нашай краіны. Вы з’яўляецеся тым чалавекам, з якога бяруць прыклад сапраўдныя майстры манументальнага мастацтва. Вашы вобразы – гэта спадчына, гэта вялікая гісторыя нашай дзяржавы, – з такiмi словамi звярнуўся да Уладзіміра Іванавіча Міністр культуры Анатолій Маркевіч. – З нагоды вашага юбілею Кіраўнік нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка даслаў віншаванне. Дазвольце мне агучыць яго тэкст.

– Дзякуючы Вашаму таленту і паўсядзённаму творчаму пошуку нарадзіліся выдатныя творы манументальнага мастацтва. Высокай ацэнкі заслугоўвае Ваша нястомная педагагічная дзейнасць, работа па выхаванні адоранай моладзі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Упэўнены, Вы і надалей сваёй плённай і самаадданай працай будзеце ўзбагачаць скарбніцу айчыннай культуры, – сказана ў віншаванні Прэзідэнта.

За шматгадовую плённую педагагічную дзейнасць, выдатныя творчыя дасягненні і значны асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю нацыянальнай культуры Міністр культуры ўзнагародзіў У.І. Слабодчыкава Ганаровай граматай Мiнiстэрства культуры. З юбілеем Уладзіміра Іванавіча таксама павіншавалі рэктар Акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна і старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык.

– Я не ўяўляю сваё жыццё без мастацтва, без Акадэміі. Грамадскае прызнанне вельмі важнае. Вырастаюць крылы! Я адчуваю, што магу яшчэ зрабіць карыснае для людзей, для дзяржавы! – сказаў Уладзімір Іванавіч. Народны мастак выказаў словы ўдзячнасці Прэзідэнту нашай краіны за ўвагу і падтрымку сферы культуры, мастацтва.

У.І. Слабодчыкаў карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод майстроў манументальнага мастацтва. Яго работы вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Яны захоўваюцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Траццякоўскай галерэе (Расія), музеях Еўропы, ЗША, Кітая і Азіі. Уладзімір Іванавіч з’яўляецца аўтарам памятных знакаў, устаноўленых у жаночым канцлагеры Равенсбрук і ў канцлагеры Заксенхаўзен у Германіі, помніка воінам-інтэрнацыяналістам у Бабруйску, скульптурнага рэльефу “Восеньскія канікулы” ў Нацыянальнай бібліятэцы і многіх іншых.

arrow
arrow