У Белдзяржфілармоніі прайшоў канцэрт “Нашы песні добрым людзям”, прысвечаны 70-годдзю творчай дзейнасці Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча
16 сакавіка ў Белдзяржфілармоніі прайшоў канцэрт “Нашы песні добрым людзям”, прысвечаны 70-годдзю творчай дзейнасці Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Іванавіча Цітовіча. Перад пачаткам канцэртнай праграмы калектыў з юбілеем павіншаваў Міністр культуры Анатолій Мечыслававіч Маркевіч.
– Хор Цітовіча – сімвал нацыянальнай беларускай культуры, душа беларускага народа. Вось ужо семдзесят гадоў ён дае гледачам магчымасць акунуцца ў непаўторны свет народнай песні. У рэпертуарнай скарбонцы калектыву больш за тысячу твораў. Штогод яна папаўняецца новымі вакальна-харэаграфічнымі пастаноўкамі i канцэртнымі праграмамі, – з такімі словамі звярнуўся да прысутных Анатолій Мечыслававіч. – Творчая дзейнасць напоўнена душэўнасцю і цеплынёй, вядома як у нашай краіне, так і за яе межамі. Ужо на ранніх этапах станаўлення крытыкамі і гледачамі адзначалася высокае выканальніцкае майстэрства. Калектыў развівае традыцыі, якія былі закладзены цудоўнымі людзьмі, прафесіяналамі сваёй справы – Генадзем Іванавічам Цітовічам і Міхаілам Паўлавічам Дрынеўскім.
– Глыбока сімвалічна, што легендарны калектыў адзначае свой юбілей у Год гістарычнай памяці, зберагаючы народную творчасць, фальклор, нашу спадчыну. Упэўнены, што далей глядач будзе атрымліваць сапраўдную асалоду ад творчасці легендарнага калектыву, – рэзюмiраваў Кіраўнік ведамства.
За шматгадовую творчую дзейнасць па развіцці і папулярызацыі нацыянальнай культуры Анатолій Мечыслававіч Маркевіч узнагародзіў Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча Ганаровай граматай Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь.