...Анёл Вялікага тэатра...
На 78-м годзе пайшла з жыцця Людміла Генрыхаўна Бржазоўская – бліскучая балерына, выдатны педагог, легенда Вялікага тэатра Беларусі …унікальнай душы чалавек…
Развітацца з Людмілай Генрыхаўнай прыйшлі яе блізкія, сябры, калегі і прыхільнікі таленту.
«Кожная яе роля - гэта быў этап, кожная яе праца - была адкрыццём… Яна сапраўды добрасумленна з любоўю і самааддачай служыла роднай сцэне..»
- з глыбокай павагай адазваўся Анатоль Мечыслававіч Маркевіч аб найвялікшай балярыне. Міністр культуры таксама аб'явіў спачуванні яе родным і блізкім ад Кіраўніка дзяржавы.
Яе выканальніцкае майстэрства стала эталонам для многіх пакаленняў артыстаў і ўзбагаціла традыцыі акадэмічнай балетнай школы. На беларускай сцэне Людміла Генрыхаўна выступала на працягу дваццаці гадоў. У памяці кожнага, хто звязаны са светам балета, навечна застануцца вядучыя сольныя партыі віртуознай танцоркі. Росквіт яе славы і таленту прыпаў на той перыяд, калі балетную трупу тэатра ўзначаліў Валянцін Мікалаевіч Елізар'еў, які даверыў ёй вядучыя партыі ў сваіх балетах «Спартак», «Стварэнне свету», «Тыль Уленшпігель», «Кармэн-сюіта», «Шчаўкунок», «Карміна Бурана».
Людміле Генрыхаўне Бржазоўскай апладыравалі на шматлікіх сцэнах свету, яе літаральна абагаўляла беларуская публіка. І яна ў адказ не здрадзіла ні свайму тэатру, ні свайму гледачу. Скончыўшы сольную кар'еру, яна па-ранейшаму аддавала сябе без астатку Вялікаму тэатру і да апошняга дня свайго жыцця працавала рэпетытарам. Таленавіты педагог і настаўнік, яна выхавала цэлую плеяду маладых артыстаў, падавала прыклад бескарыслівага служэння мастацтву.
Такой яна застанецца ў сэрцах усіх, хто ведаў і любіў гэтага цудоўнага чалавека, у сэрцах яе калег і ўдзячных гледачоў... Светлая памяць...