11 студзеня ў Дзяржаўным літаратурным музее Янкі Купалы адбудзецца ўрачыстае адкрыццё 135-га, юбілейнага года з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Купалаўскага года возьмуць удзел Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, старшыня “Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусы Расіі” Сяргей Кандыбовіч, прадстаўнікі дыпламатычных місій, пісьменнікі, навукоўцы, акцёры, музейныя супрацоўнікі.
Янка Купала – адзін з самых уганараваных беларускіх творцаў. Ягоным імем названы вуліцы, яму пастаўлены помнікі і адкрыты мемарыяльныя дошкі, у тым ліку і за межамі нашай краіны.
Спадчына народнага паэта Беларусі Янкі Купалы – гэта здабытак беларускай, еўрапейскай і сусветнай культуры. У юбілейны год будзе мноства ідэй, праетаў, акцый, якія стануць данінай павагі аднаму з лепшых паэтаў, без якога не можа існаваць беларускі народ!
Распачынае святочныя мерапрыемствы прэзентацыя партрэта Янкі Купалы работы рускага мастака Мікалая Паўлава, які перадасць у дар музею старшыня “Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусы Расіі” Сяргей Львовіч Кандыбовіч.
Падчас урачыстасці ў выкананні акцёраў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі прагучаць вершы Янкі Купалы, аўтографам якіх Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 02.08.2016 № 607 нададзены стасус 1 катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці: «Маja dola», «А хто там iдзе», «Прарок», «Спадчына». Прагучаць і песні на словы Янкі Купалы ў выкананні выкладчыкаў і студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.