adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

29 - 30 красавіка 2019 г. у Мінску адбыўся рэспубліканскі семінар «Ахова гісторыка-культурнай спадчыны ў Рэспубліцы Беларусь»

04.05.2019

29 - 30 красавіка 2019 г. у г. Мінску на пляцоўцы УА "Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў" адбыўся рэспубліканскі семінар "Ахова гісторыка-культурнай спадчыны ў Рэспубліцы Беларусь». Арганізатарам семінара выступіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Як адзначыў намеснік Міністра культуры Сяргей Іванавіч Шарамецьеў, адкрываючы семінар: «У захаванні гісторыка-культурнай спадчыны не бывае маленькіх ці вялікіх задач. Мы ўсе разам, па цаглінцы, кожны на сваім месцы, робім адну важную справу. Нашы замкі, палацы, сядзібы, цэрквы, касцёлы - гэта сімвал і ідэнтыфікацыйны код нацыі, нашай гісторыі і нашага гонару».

У мерапрыемстве прыняло ўдзел больш за 120 спецыялістаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Тэматыка семінара была досыць шырокай, у якую ўвайшлі асноўныя праблемныя і актуальныя пытанні практыкі захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

Першы дзень семінара быў прысвечаны ахове нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей. У якасці слухачоў прынялі ўдзел кіраўнікі структурных падраздзяленняў і спецыялісты абласных і раённых выканкамаў, якія адказваюць за пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці.

У ходзе абмеркаванняў былі разгледжаны практычныя пытанні выканання заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, ажыццяўлення нагляду органамі пракуратуры за яго выкананнем, выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных i iншых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях і інш.


З дакладамі выступілі Васілевіч Дзмітрый Рыгоравіч - начальнік аддзела па нагляду за выкананнем прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Хвір Наталля Дзмітрыеўна - начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, Лакіза Вадзім Леанідавіч - намеснік дырэктара ДНУ "Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", Лапаціна Наталля Уладзіміраўна - намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны - начальнік аддзела арганізацыі аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры, Ходар Генадзь Мікалаевіч - кансультант аддзела арганізацыі аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей, Краюшкина Святлана Мікалаеўна - намеснік начальніка аддзела па арганізацыі навукова-праектнага і метадычнага забеспячэння Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Гліннік Вадзім Васільевіч - дырэктар навукова-праектнага цэнтра «Рестабилис».

    

Другі дзень семінара быў прысвечаны разгляду пытанняў навукова-метадычнага забеспячэння аховы нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў у Рэспубліцы Беларусь. Слухачамі семінара сталі прадстаўнікі абласных метадычных цэнтраў, гарадскіх і раённых устаноў культуры, якія адказваюць за захаванне і папулярызацыю нематэрыяльнай спадчыны, а таксама прадстаўнікі навуковай супольнасці.

   

З дакладамі у другі дзень семінара выступілі Хвір Наталля Дзмітрыеўна, Ходар Генадзь Мікалаевіч, Каліноўская Алена Тадэвушаўна - вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў УА "Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў", Мармыш Таццяна Міхайлаўна - малодшы навуковы супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў ДНУ "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", Кухаронак Таццяна Іванаўна - старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства ДНУ "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", Сташкевіч Ала Барысаўна - дырэктар фонду "Культурная спадчына і сучаснасць", член Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па пытаннях ЮНЕСКА.

   

Дакладчыкамі было адзначана, што сёння ў рэспубліцы вялікая ўвага надаецца выкананню Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны і ў гэтым напрамку дасягнуты значныя вынікі. Разам з тым адзначаны шляхі і механізмы ўдасканалення практыкі выяўлення і захавання нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека.

Семінар прайшоў у рамках адкрытага дыялогу і абмеркавання шляхоў вырашэння пытанняў, якія ўзнікаюць на месцах, задач і пытанняў у працэсе работы па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны.

Практычныя вынікі і рэкамендацыі, выпрацаваныя на семінары, будуць размешчаны на афіцыйным сайце Міністэрства культуры ў раздзеле "Гісторыка-культурная спадчына" для аказання метадычнай дапамогі як для спецыялістаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, так і для ўласнікаў і карыстальнікаў аб'ектаў спадчыны.

Семінар у пашыраным фармаце праведзены ўпершыню і стаў арганізацыйнай формай узаемадзеяння Міністэрства культуры з рэгіёнамі па актуалізацыі форм і метадаў арганізацыі работы ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама павышэння эфектыўнасці сістэмы кіравання ў гэтай сферы.

arrow
arrow