adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

7 кастрычніка 2019 года адкрыўся юбілейны ХХV курс Міжнароднай летняй школы «Нясвіжская акадэмія»

11.10.2019

7 кастрычніка 2019 года пры арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры на базе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» адбылося ўрачыстае адкрыццё юбілейнага ХХV курса Міжнароднай летняй школы «Нясвіжская акадэмія».

У адкрыцці I этапу ХХV курса Міжнароднай летняй школы «Нясвіжская акадэмія» прынялі ўдзел начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Хвір Наталля Дзмітрыеўна, саветнік-пасланнік Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь,  дырэктар Польскага Інстытута ў Мінску Цэзарый Карпіньскі, намеснік начальніка Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Балцянкоў Аляксандр Мікалаевіч, прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Языковіч Віктар Робертавіч, дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Лапцёнак Ірына Браніславаўна, дырэктар дзяржаўнай установы «Нацыянальны-гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» Клімаў Сяргей Міхайлавіч, намеснік дырэктара Нацыянальнага Інстытута Спадчыны (Рэспубліка Польшча) Марыуш Чуба.

У прывітальным слове Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Бондара Юрыя Паўлавіча, агучаным падчас адкрыцця мерапрыемства, было адзначана, што да свайго юбілейнага ХХV курса Акадэмія падышла ў сфарміраваным за многія гады эфектыўнай работы статусе высокааўтарытэтнай пляцоўкі для канструктыўнага дыялогу суседніх краін, дэманстрацыі прыкладаў укаранення перадавых ідэй і тэхналогій у галіне аховы спадчыны. Міністр звярнуў увагу на тое, што з дапамогай праекта спецыялісты ў галіне аховы спадчыны павышаюць сваю кампетэнцыю не толькі ў пытаннях кансервацыі і рэстаўрацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, але і іх адаптацыі ў сучасным сацыякультурным асяроддзі, у тым ліку шляхам уключэння ў турыстычны абарот. Дзякуючы гэтаму помнікі культурнай і прыроднай спадчыны як магутны культурны рэсурс выконваюць важную ролю для ўмацавання станоўчага іміджу Беларусі і дасягнення на нацыянальным узроўні мэтаў устойлівага развіцця, абвешчаных Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Удзельнікамі ўрачыстага адкрыцця быў прааналізаваны назапашаны за доўгія гады вопыт Нясвіжскай акадэміі, вызначаны  перспектыўныя напрамкі далейшай дзейнасці Акадэміі ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Музычнае прывітанне ўдзельнікам «Нясвіжскай акадэміі» падрыхтавалі лідар этна-трыа «Троіца», старшы выкладчык кафедры культуралогіі і псіхолага-педагагічных дысцыплін Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Іван Кірчук і ансамбль народнай песні «Млечны шлях» Нясвіжскага РЦК пад кіраўніцтвам Таццяны Казловай.

У рамках запланаваных мерапрыемстваў праведзены навукова-практычны семінар па тэме ХХV курса «Ахова і развіццё гістарычных палацавых і сядзібных комплексаў», які стаў своеасаблівым увядзеннем у тэму курса. Яго распачалі Лапаціна Наталля Уладзіміраўна, намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, з тэмай «Заканадаўчыя асновы аховы гісторыка-культурнай спадчыны» і  Бажэнава Вольга Дзмітрыеўна, прафесар кафедры мастацтваў і дызайну прасторавага асяроддзя факультэта сацыякультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар мастацтвазнаўства, з тэмай «Палацы і сядзібы Беларусі ў кантэксце даўняй і сучаснай культуры».

З мэтай абмеркавання набытага прафесійнага вопыту быў праведзены круглы стол з удзелам экспертаў, выпускнікоў і слухачоў: прадстаўнікоў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага савета па культурнай спадчыне Латвіі, Дэпартамента культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Літоўскай Рэспублікі, Украінскага дзяржаўнага інстытута культурнай спадчыны, спецыялістаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Нацыянальнага Інстытута Спадчыны Рэспублікі Польшча, ААТ «Белрэстаўрацыя», беларускіх музеяў.

Майстар-класы правялі кіраўнік рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях Бубноўскі Дзмітрый Сямёнавіч па тэме «Асаблівасці рэстаўрацыі і прыстасавання аб’ектаў палацавых комплексаў», кандыдат гістарычных навук, дацэнт, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мілючэнкаў Сяргей Аляксеевіч па тэме «Віды сядзіб і асаблівасці структуры шляхецкага давара ў Беларусі ў ХVI–ХVІІІ стст.», намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута спадчыны (Рэспубліка Польшча) Марыуш Чуба па тэме «Сядзібныя дамы ў Польшчы – паходжанне, развіццё, рэсурс». На базе музея-запаведніка праведзены майстар-клас па тэме «Рэстаўрацыя і развіццё Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу – помніка архітэктуры ХVІ–ХVІІ стст., аб’екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА».

Гістарычная даведка: Міжнародная летняя школа «Нясвіжская акадэмія», пачатак працы якой адносіцца да 1994 годзе, з’яўляецца адным з паспяховых праектаў, што рэалізуюцца ў рамках дзейнасці беларуска-польскага супрацоўніцтва ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Праграма разлічана на 2 гады. Навучанне слухачоў праводзіцца ў 2 этапы:
 1-й этап – тэарэтыка-практычны, праводзіцца ў Беларусі;
2-й этап – стажыроўка і абарона выпускных работ, праводзіцца ў Польшчы.

За час працы летняй школы «Нясвіжская акадэмія» больш за 250 чалавек з Беларусі, Літвы, Украіны, Малдовы ўдасканалілі прафесійную падрыхтоўку ў галіне аховы і рэстаўрацыі спадчыны і паспяхова атрымалі міжнародны сертыфікат аб яе завяршэнні.

arrow
arrow