Аб рэагаванні на публікацыю TUT.BY «Минкульт обязал удалить восстановленные советские надписи на казармах Брестской крепости»
Міністэрства культуры прааналізавала публікацыю «Минкульт обязал удалить восстановленные советские надписи на казармах Брестской крепости», апублікаваную ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» 2018/11/29 (https://news.tut.by/culture/617326.html) і паведамляе наступнае.
Згаданыя ў публікацыі казематы ўваходзяць у склад Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці, якое з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “1” (міжнароднае значэнне). На названыя аб'екты спадчыны распаўсюджваюцца патрабаванні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры (далей - Кодэкс).
Дадзеныя помнікі архітэктуры знаходзяцца ў камунальнай уласнасці г. Брэста. Абавязак па захаванні разглядаемых казематаў, уключаючы выкананне парадку работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях, ускладзена на ўласніка - КУП «ЖРЭУ г. Брэста», якім падпісаны ахоўныя абавязацельствы.
Працы па добраўпарадкаванні дазволілі прывесці тэрыторыю Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці ў належны стан, аднак не было забяспечана выкананне палажэнняў артыкула 129 Кодэкса. Земляныя работы на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці (пасадка туй) выконваліся без распрацоўкі комплексу мер па ахове археалагічных аб'ектаў.
З прадстаўленых у артыкуле фота- і відэаматэрыялаў відаць, што ў аконных праёмах будынкаў казематаў Кобрынскага ўмацавання ўсталяваныя банеры, на сценах фарбай нанесеныя надпісы.
Дадзеныя дзеянні не былі навукова абгрунтаваныя і не былі ўзгоднены з Міністэрствам культуры.
Акрамя таго, з улікам дадатковага вывучэння вынікаў праведзеных работ на казармах, былі выяўлены страты адметных асаблівасцяў дадзеных помнікаў архітэктуры. Выкананыя працы прывялі да знішчэння існуючых гістарычных надпісаў на сценах казематаў, якія былі зафарбаваныя без іх поўнагапаўторнагаўзнаўлення. Нанесеныя новыя надпісы не з'яўляюцца аўтэнтычнымі і фальсіфікуюць гісторыю.
Такім чынам, ўласнікам казематаў (КУП «ЖРЭУ г. Брэста») дапушчаны страты адметных вартасцей гісторыка-культурных каштоўнасцей і парушэны парадак выканання работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях.
Даведачна:
Зыходзячы з палажэнняў артыкулаў 74, 109 Кодэкса ажыццяўленне дзейнасці, якая можа аказаць уздзеянне на матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, дапускаецца толькі пасля атрымання дазволу на выкананне навукова-даследчых і праектных работ на гэтых каштоўнасцях пры ўмове навукова абгрунтаванага ўздзеяння. Згодна з артыкулам 104 Кодэкса забараняецца знішчэнне нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або стварэнне пагрозы іх знішчэння, прычыненне ім шкоды або стварэнне пагрозы яе прычынення, пагаршэнне іх тэхнічнага стану або стварэнне пагрозы яго пагаршэння, а таксама навукова не абгрунтаванае змяненне, перамяшчэнне і пагаршэнне ўмоў успрымання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Артыкулам 110 Кодэкса ўстаноўлена, што пры ажыццяўленні дзейнасці на тэрыторыі нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і ў зонах іх аховы не павінна дапускацца пагаршэнне ўмоў успрымання гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей, у тым ліку стварэнне перашкод для візуальнага ўспрымання іх аб'ёмна-прасторавых асаблівасцяў і дэталяў архітэктурнага дэкору. За парушэнне гэтых норм Кодэкса артыкуламі 19.2, 19.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць.
Зыходзячы з кампетэнцыі, ускладзенай на Міністэрства культуры даручэна Брэсцкаму аблвыканкаму і Брэсцкаму гарвыканкаму забяспечыць выкананне патрабаванняў Кодэкса і прыцягнуць да адказнасці вінаватых.