Aдкрыццё мемарыяльнага знака на вуліцы, названай у гонар Віктара Турава
25 кастрычніка 2016 г. у 12.00 адбудзецца адкрыццё мемарыяльнага знака на вуліцы, названай у гонар Віктара Турава. У кінатэатры "Цэнтральны" пройдзе памятны вечар з удзелам Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Б.В.Светлова, кіраўнікоў горада, ганаровых гасцей з Расіі, кінематаграфістаў Рэспублікі Беларусь, пісьменнікаў, мастакоў, акцёраў, журналістаў, родных і блізкіх, усіх, каму дарагая творчасць кінарэжысёра і памяць пра яго.
25 кастрычніка 2016 г. спаўняецца 80 гадоў народнаму артысту СССР, кінарэжысёру, сцэнарысту, педагогу Віктару Цімафеевічу Тураву.
За 37 гадоў творчай дзейнасці кінарэжысёр і сцэнарыст Віктар Тураў стварыў больш за 20 кінакарцін, прысвечаных ваеннай тэматыцы, праблемам сучаснасці, экранізаваў творы беларускай і рускай класікі. Яго фільм «Я родам з дзяцінства» па апытанні беларускіх крытыкаў прызнаны лепшым фільмам, створаным за ўсю гісторыю беларускага кіно. У 1994 годзе рашэннем спецыяльнай камісіі ЮНЕСКА фільм Віктара Турава «Праз могілкі» увайшоў у лік 100 найбольш значных фільмаў свету.
Славуты беларускі кінарэжысёр Віктар Тураў - прафесар Беларускай акадэміі мастацтваў, акадэмік Сусветнай акадэміі славянскага мастацтва, шмат часу аддаваў педагагічнай дзейнасці і грамадскай рабоце. У 1976-1981 гадах працаваў першым сакратаром Саюза кінематаграфістаў Беларусі, быў членам Праўлення Саюза кінематаграфістаў СССР. У 1995 годзе Віктар Тураў увайшоў у лік 50 вядомых кінематаграфістаў свету, якія склалі ганаровы камітэт па святкаванню 100-годдзя сусветнага кінематографа. Абранне беларускага кінарэжысёра стала высокай ацэнкай яго творчасці і прафесіяналізму.
Творчасць таленавітага беларускага кінарэжысёра высока адзначана дзяржавай. У 1979 годзе ён удастоены звання «Народны артыст Беларускай ССР», у 1986 годзе - «Народны артыст СССР». У 1996 годзе за вялікі ўклад у развіццё беларускага кінематографа быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У тым жа годзе яму пасмяротна прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь за шматгадовы ўклад у кінематаграфію.
У Беларусі заснаваны творчыя ўзнагароды імя Віктара Турава. На Міжнародным кінафестывалі «Лістапад» уручаецца прыз "За лепшы фільм конкурсу маладога кіно" імя народнага артыста СССР В.Т. Турава, на Рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў, які традыцыйна праходзіць у Брэсце, - прыз імя Віктара Турава за лепшы дэбют у кінарэжысуры.