Культурныя сувязі паміж Беларуссю і Турцыяй умацоўваюцца год ад году. Аб гэтым заявіў на цырымоніі адкрыцця Дзён культуры Турцыі ў Беларусі міністр культуры Юрый Бондар. Паводле слоў міністра, Дні культуры - гэта знамянальная падзея ў культурным жыцці абедзвюх краін, якая сведчыць аб шчырай узаемнай цікавасці да культурных дасягненняў народаў і імкненні развіваць і ўмацоўваць супрацоўніцтва паміж краінамі.
"Узаемадзеянне Беларусі і Турэцкай Рэспублікі ў галіне культуры з'яўляецца важным напрамкам двухбаковага супрацоўніцтва, які дынамічна развіваецца. Культурныя сувязі паміж нашымі краінамі ў апошнія гады даволі цесныя. Год ад году гэтыя добрыя традыцыі ўмацоўваюцца, напаўняюцца новым зместам у выглядзе рэальных культурных праектаў. Такія значныя і маштабныя мерапрыемствы, як Дні нацыянальнай культуры, прадаставяць народам Беларусі і Турцыі магчымасць даведацца яшчэ больш адзін пра аднаго", - сказаў Юрый Бондар.
Намеснік міністра культуры і турызму Турцыі Хусэйін Яйман, вітаючы гасцей вечара, падзяліўся сваімі ўражаннямі пра Беларусь, дзе ён знаходзіцца ўпершыню. Намеснік міністра паспеў ацаніць дружалюбнасць беларусаў, іх уменне цаніць і любіць культуру і мастацтва. "У час рабочых сустрэч у Мінску мы не раз падкрэслівалі, што мова культуры, мастацтва - гэта мова дыпламатыі, якую трэба развіваць", - сказаў Хусэйін Яйман.
Дні культуры Турцыі ў Беларусі праходзяць у Мінску 26-30 лістапада. Гэта мерапрыемства ў адказ - у мінулым годзе ў Турцыі прайшлі Дні культуры Беларусі. У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага 27 лістапада адкрылася выстаўка турэцкіх традыцыйных народных рамёстваў і вырабаў майстроў.