adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Беларуская дзяржаўная філармонія адзначае сваё 85-годдзе!

25.10.2022

У гонар гэтай святочнай падзеі 25 кастрычніка ў Вялікай зале філармоніі прайшоў урачысты канцэрт.

Музыка гучала ў выкананні вядучага музычнага калектыву рэспублікі – Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава.

Ва ўрачыстым вечары прымалі ўдзел і праслаўленыя музыканты з Санкт-Пецярбурга: народны артыст Расіі, прафесар Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі ім. Н.А. Рымскага-Корсакава, мастацкі кіраўнік Санкт-Пецярбургскага Дома музыкі віяланчэліст Сяргей Ралдугін, а таксама ўдзельнік праграм Санкт-Пецярбургскага Дома музыкі, адзін з вядучых піяністаў сучаснасці, пераможца прэстыжных міжнародных конкурсаў Міраслаў Култышаў.

"Сёння мы адзначаем наша агульнае свята - 85-гадовы юбілей вядучай установы культуры краіны - Беларускай дзяржаўнай філармоніі. За час свайго існавання Белдзяржфілармонія стала сапраўдным цэнтрам па развіцці акадэмічнай і народнай музыкі. Яна сабрала ў сваіх сценах таленавітых дырыжораў, выканаўцаў. Стварыла ўсе неабходныя ўмовы для развіцця высакаласных творчых калектываў, якія праславілі нашу Беларусь ва ўсім свеце", - так ацаніў уклад Белдзяржфілармоніі ў развіццё айчыннай культуры Міністр культуры Анатоль Маркевіч.

Анатоль Мечыслававіч зачытаў віншавальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнка.

"Адна са старэйшых устаноў культуры нашай краіны прайшла доўгі і слаўны шлях. На вашай легендарнай сцэне адкрылася цэлае сузор'е новых імёнаў, рэалізавана шмат яркіх праектаў", - гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што і надалей калектыў філармоніі будзе ўзбагачаць рэпертуар лепшымі прыкладамі класічнай і сучаснай музыкі, развіваць традыцыі, нястомна служыць захаванню і папулярызацыі ідэалаў нацыянальнай культуры і ўмацаванню дзяржаўнасці.

У адрас Беларускай дзяржаўнай філармоніі з нагоды юбілею таксама паступілі віншаванні ад Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай, Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава, дзяржаўных органаў, арганізацый і замежных калег.

Сярод ганаровых гасцей на святочным канцэрце прысутнічалі Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў, кіраўнік Прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў г. Мінску Мар'яна Шчоткіна.

arrow
arrow