Больш як 100 музеяў прымуць удзел у ІІІ Нацыянальным форуме "Музеі Беларусі"
"Гэта падзея - адна з важнейшых у культурным жыцці краіны. У Магілёве збяруцца музейныя работнікі і спецыялісты ў галіне музеялогіі і музейных тэхналогій. Тут будуць абмяркоўвацца актуальныя праблемы музейнай дзейнасці і вызначаны перспектыўныя напрамкі развіцця музейнай справы. У якасці гасцей на форум запрошаны эксперты з Расіі, Літвы, Польшчы і іншых краін. А ўзначаліць у гэтым годзе журы конкурснай праграмы дырэктар Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі Зельфіра Трэгулава", - сказаў намеснік міністра.
Музеі краіны прадставяць у асноўнай экспазіцыі форуму, якая разгорнецца ў спартыўным комплексе "Алімпіец", свае выстаўкі і новыя праекты, прэзентуюць сучасныя інтэрактыўныя і лічбавыя тэхналогіі. Не выпадкова за аснову выбраны і дэвіз форуму "Разбураючы стэрэатыпы, пераадольваючы кансерватызм".
"Музеі Беларусі за апошнія гады далёка рушылі наперад у сваім развіцці, адбылася мадэрнізацыя не толькі экспазіцый, але і псіхалогіі супрацоўнікаў. Нашы ўстановы культуры больш сталі працаваць са спажыўцамі не толькі ў сваіх сценах, але і за іх межамі, прымяняючы сучасныя тэхналогіі, рэалізуючы крэатыўныя праекты. Гэта садзейнічае павышэнню фінансавай эфектыўнасці іх дзейнасці. У сферы культуры менавіта музеі сёння зарабляюць асноўную долю пазабюджэтных сродкаў", - адзначыў Васіль Чэрнік.
Асобна будзе выдзелена тэрыторыя дзелавой праграмы форуму, на якой у фармаце круглага стала пройдуць лекцыі, дыскусіі, трэнінгі і майстар-класы з удзелам вядомых прафесіяналаў у сферы музеялогіі і музейнай дзейнасці. Такім чынам, форум прадаставіць унікальную магчымасць для беларускай музейнай грамадскасці правесці шэраг прафесійных сустрэч і абмяняцца вопытам. Тут будзе працаваць і спецыяльная тэхнічная пляцоўка, на якой кампаніі, што працуюць у сферы музейных індустрый, прадставяць сваю прадукцыю.
Магіляўчане таксама рыхтуюць для гасцей форуму маштабную экскурсійную і канцэртную праграму. У дні правядзення мерапрыемства перад спартыўным комплексам "Алімпіец" разгорне работу Горад майстроў. Па выніках форуму будуць вызначаны лепшыя музейныя ўстановы краіны ў конкурснай праграме па намінацыях. Лепшых музейных работнікаў і калектывы ўзнагародзяць спецыяльнымі прэміямі.
Сёння на нарадзе зацверджаны праект канцэпцыі і асноўных мерапрыемстваў форуму, яго сімволіка, вырашаны шэраг арганізацыйных пытанняў.