adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Больш за 500 беларускіх выданняў прадставяць на кніжным фестывалі "Красная плошча"

31.05.2019

"Белкніга" прадставіць больш як 500 выданняў на кніжным фестывалі "Красная плошча" ў Маскве з 1 па 6 чэрвеня. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства інфармацыі, паведамляе БЕЛТА.

"На штогадовым літаратурным свяце ў самым сэрцы Масквы стэнд Беларусі будзе прадстаўлены навінкамі айчыннага кнігавыдання рознай тэматыкі. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, II Еўрапейскім гульням і Году малой Радзімы, - расказалі ў міністэрстве. - Мастацкая, дзіцячая, навучальна-метадычная літаратура, кнігі па гісторыі, эканоміцы, псіхалогіі і шмат іншага - усё гэта можна будзе знайсці на беларускім стэндзе".

Акрамя таго, 2 чэрвеня з 11.30 да 12.30 на стэндзе адбудзецца аўтограф-сесія вядомага журналіста і публіцыста Інэсы Плескачэўскай. Яе кніга "Гістарычныя прагулкі з Францыскам Скарынам" - гэта захапляльнае падарожжа па гарадах Еўропы, у якіх беларускі першадрукар вучыўся, жыў і працаваў: Кракаве, Падуі, Празе і Вільнюсе.

Пяты кніжны фестываль "Красная плошча", прымеркаваны да дня нараджэння Аляксандра Пушкіна і Дня рускай мовы, пройдзе пад эгідай Года тэатра. Кнігі зоймуць усю прастору плошчы - ад Сабора Васіля Блажэннага да Дзяржаўнага гістарычнага музея. Кульмінацыяй фестывалю стануць юбілейныя ўрачыстасці 6 чэрвеня - у дзень 220-годдзя з дня нараджэння вялікага рускага паэта Аляксандра Пушкіна.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)

arrow
arrow