Эксперты абмеркавалі эфектыўнасць Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і новыя формы грамадскага ўдзелу ў захаванні культурнай спадчыны
За два дні прагучала каля 30-ці дакладаў ад спецыялістаў з Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных і замежных ВНУ, Нацыянальнай акадэмі і навук Беларусі, грамадскіх і дзяржаўных інстытуцый, незалежных даследчыкаў. Геаграфія дакладчыкаў ахапіла Віцебск, Мінск, Вільнюс, Ашмяны, Белую Царкву, Брэст, Берлін, Лоеў, Варшаву і Гданьск.
Ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з уступнай відэапрамовай выступіла кіраўнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Наталля Хвір. Кансультант упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Генадзь Ходар прадставіў гісторыю фарміравання Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і даў канкрэтныя практычныя рэкамендацыі па падрыхтоўцы прапаноў аб яго пашырэнні.
Прадстаўленыя даклады закраналі некалькі ключавых тэм:
- гісторыя стварэння і прынцыпы функцыянавання Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь;
- формы грамадскага ўдзелу у захаванні спадчыны: ад беларускай практыкі ў канкрэтных выпадках да дзейсных у краінах ЕС прынцыпаў, закладзеных у Канвенцыі Фару;
- асаблівасці працы з нематэрыяльнай культурнай спадчынай;
- захаванне асобных катэгорый спадчыны: гістарычных могілак, драўляных пабудоў, былых сінагог, савецкая архітектура і інш.
Супольна выпрацаваныя прапановы акрэслілі наступныя задачы для далейшага супрацоўніцтва паміж грамадскімі арганізацыямі і органамі ўлады:
- стварэнне форума для падрыхтоўкі Рэспублікай Беларусь справаздачы ў 2021 годзе аб выкананні Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны 2003 года;
- павышэнне прававой культуры і папулярызацыя практычных прапаноў па ўнясенні новых аб’ектаў спадчыны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь;
- Забеспячэнне кансультацыйнай падтрымкай і даступнымі вучэбна-асветніцкімі матэрыяламі ўласнікаў гісторыка-культурных каштоўнасцей і грамадзян, для якіх праца са спадчынай можа ўвасобіцца ў новы бізнес, фармаванне лакальных брэндаў і інш.;
- Далейшае пашырэнне Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь;
- Развіццё інструментаў грамадскага ўдзелу, у тым ліку электронных інструментаў, “гарачых ліній”, а таксама практыкі грамадскіх слуханняў.
Па выніках канферэнцыі запланавана выданне зборніка дакладаў.