Фільм-намінант на прэмію "Оскар" ад Беларусі аб'явяць да 26 верасня
Беларускі оскараўскі камітэт пачынае прыём заявак на вылучэнне фільма на "Оскар", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА сакратар камітэта, прадзюсар Валерый Дзмітрачэнка.
Заяўкі можна адпраўляць з 5 па 17 верасня на электронную пошту belarusoscar@gmail.com. "У гэты перыяд камітэт будзе праводзіць кансультацыі для кінематаграфістаў па прадстаўленні фільмаў для разгляду. Да 26 верасня ён павінен аб'явіць рашэнне наконт фільма-намінанта на прэмю "Оскар" ад Беларусі", - адзначыў Валерый Дзмітрачэнка.
Да намінантаў прад'яўляюцца пэўныя патрабаванні. У прыватнасці, гэта павінен быць поўнаметражны ігравы, дакументальны або анімацыйны фільм працягласцю не менш за 40 мінут, зняты за межамі Злучаных Штатаў Амерыкі. Дамінантнай мовай не павінна быць англійская. Арыгінальны запіс дыялогаў, а таксама гатовы фільм павінны быць пераважна на беларускай або рускай мовах.
Фільм павінен быць выпушчаны ў камерцыйны пракат з 1 кастрычніка 2018 па 30 верасня 2019 года і доўжыцца не менш за 7 дзён запар. Да першапачатковага пракату ў кінатэатрах дазваляецца ўдзел у кінафестывалях, але забараняецца трансліраванне фільма-намінанта на тэлебачанні, у інтэрнэце, на авіялініях, выпуск на DVD.
92-я цырымонія ўручэння ўзнагарод прэміі "Оскар" за дасягненні ў галіне кінематаграфіі адбудзецца 9 лютага 2020 года ў Лос-Анджэлесе.