Інфармацыя аб мерапрыемствах культурна-асветных устаноў у рамках Дня беларускага пісьменства
- Праекты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Выставачны праект “Захоўваючы кніжную спадчыну Беларусі” – кніжная выстаўка, накіраваная на паказ 30 найноўшых выданняў Нацыянальнай бібліятэкі (кнігі, выдадзеныя бібліятэкай і кнігі, створаныя пры ўдзеле супрацоўнікаў бібліятэкі, але якія выйшлі ў іншых выдавецтвах), прысвечаных асобе і справе Францыска Скарыны.
Сярод іх – “Асветнік з Полацка” (сумесны праект выдавецтва “Беларусь” і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь), кніга “Вільня часоў Скарыны” (сумесны праект з Пасольствам Літоўскай Рэспублікі у Рэспубліцы Беларусь), зборнік п’ес “Францыск Скарына і сучаснасць” (сумесны праект з Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі), “Франциск Скорина – человек мира”, “Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага кнігадруку”, “Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка” і інш.
Цэнтральнае месца ў экспазіцыі зойме ўладальнік Гран-Пры Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” – факсімільнае выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”.
Завершыцца экспазіцыя 10 факсімільнымі ўзнаўленнямі помнікаў беларускага пісьменства: “Тураўскае Евангелле”, “Баркалабаўскі летапіс”, “Буквар мовы славянскай: дапаможнік для тых, хто навучаецца чытанню і пісьму”, “Калядная пісанка, 1913 год” “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” і інш.
Выставачны (перасоўны) праект “Пяць стагоддзяў беларускага кнігадрукавання” прадставіць на 10 двухбаковых плакатах найлепшыя ўзоры беларускага друку, найбольш характэрныя пэўнаму стагоддзю, а з другога боку выявы помнікаў дзеячам беларускай культуры і літаратуры.
Праект будзе дапоўнены прэзентацыяй электроннага рэсурсу “Кніга Беларусі XIV – XVIII стагоддзяў”, распрацаванага на сродкі гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, ахове здароўя і культуры. Рэсурс утрымлівае алічбованыя копіі дакументаў, а таксама пашыраную інфармацыю аб кніжным помніку.
Акрамя выставачных праектаў бібліятэкай будзе прадстаўлены культурна-асветніцкі праект “У госці да кніг”, накіраваны на папулярызацыю нацыянальнай кніжнай спадчыны шляхам правядзення заняткаў з дзіцячай аўдыторыяй. Праект рэалізаваны на сродкі гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, ахове здароўя і культуры.
2. Праект Дзяржаўнага музею гісторыі беларускай літаратуры – перасоўная выстаўка “Жыццё ў слове” складаецца з 8-мі банераў, тэматычна ахоплівае гісторыю беларускага кнігадрукавання з XVI па XXI ст. На выстаўцы будуць прадстаўлены выявы кніг, якія сталі значнай з’явай у культурным жыцці краіны, адлюстравалі тую ці іншую важную не толькі для гісторыі Беларусі, але і для іншых народаў падзею. Выстаўка пачынаецца з Бібліі Ф. Скарыны, завяршаецца выявамі сучасных перакладаў Бібліі на беларускую мову.
На выстаўцы таксама прадугледжаны паказ аўдыёматэрыялаў, якія дазволяць пазнаёміцца з песеннай творчасцю беларускіх паэтаў. У наведвальнікаў будзе магчымасць пачуць самыя папулярныя беларускія песні ХХ ст. у выкананні знакамітых спевакоў.
3. Мультымедыйны праект Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання будзе ўтрымліваць мультымедыйны выставачны комплекс з сэнсарнага экрану (60 дзюймаў) і адмыслова распрацаванага інтэрактыўнага праграмнага забеспячэння, што дазволіць ў відовішчнай форме пазнаёміць карыстальнікаў з вандроўкамі Скарыны па Еўропе, з дэталямі яго жыццёвага і творчага шляху, а таксама з надрукаванымі Скарынам кнігамі.
4. Праекты Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы:
Юбілейная перасоўная выстаўка “Янка Купала. 135” накіравана на раскрыццё значнасці творчасці генія нацыянальнай літаратуры для краіны, яго дзейнасць як удзельніка выдавецкай справы і рэдактара газеты «Наша ніва». Праект складаецца з 10 банэраў, на якіх размешчаны фатаграфіі і паэтычныя радкі Янкі Купалы.
Суправаджаючая выстаўку грамадска-культурная акцыя “Чытаем Купалу разам” прадугледжвае публічнае чытанне вершаў паэта вядомымі асобамі і ўсімі жадаючымі, правядзенне конкурсаў і забаўляльных гульняў, распаўсюджванне налепак з выявай Купалы.
5. Праекты Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа:
Юбілейная перасоўная выстаўка – “Запавет песняра. Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа” на палатне працягласцю 4,2 метры раскрые жыццёвы шлях і творчую спадчыну класіка беларускай літаратуры. Нароўні з афіцыйнымі фотаздымкамі, дзе Якуб Колас прадстаўлены як народны паэт, вядомы дзяржаўны дзеяч, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР, прэзентаваны малавядомыя або нават невядомыя шырокаму наведвальніку копіі фотаздымкаў народнага паэта, рукапісных дакументаў з фондаў музея Якуба Коласа (афіцыйныя паперы, запрашэнні, старонкі рукапісаў).
Падчас работы выстаўкі запланавана прэзентацыя перакладу паэмы Я.Коласа “Сымон-музыка” на рускую мову, у ходзе якой адбудзецца сустрэча з аўтарамі – сябрамі Ленінградскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі.