Юбілейны «Славянскі базар у Віцебску» стартаваў
14 ліпеня вечарам у Летнім амфітэатры адкрыўся XXV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
На ўрачыстым адкрыцці XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску” кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэты юбілейны форум стаў цэнтральнай падзеяй аб'яўленага ў Беларусі Года культуры. "Гэта свята ўвасабляе наша духоўнае багацце. Адкрытасць і цікавасць да культуры розных народаў. Нездарма мы аб'ядналіся калісьці - тры брацкія краіны - Беларусь, Расія і Украіна. Мы сталі ядром фестывалю і на працягу гэтых гадоў з розным поспехам, калі шчыра гаварыць, дэманструем гэта культурнае адзінства", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што віцебскі фестываль параўноўваюць з Алімпійскімі гульнямі. "Калі перафразаваць П'ера дэ Кубертэна, мы гаворым: "О фестываль, ты - мір!". Гэта сапраўды пляцоўка міру і дабра. Думаю, яна яшчэ будзе запатрабавана", - сказаў беларускі лідар.
"У нашых дзяржавах асаблівае значэнне надаецца развіццю нацыянальнага мастацтва, беражліва захоўваюцца традыцыі і творчыя дасягненні папярэднікаў. Таму мы па праву можам заявіць, што гэтыя тры краіны - Беларусь, Расія і Украіна - цытадэль традыцыйнай культуры", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, гэта асабліва важна ў наш час, калі ў свеце страчваюцца арыенціры, якія раней аб'ядноўвалі людзей розных поглядаў, пакаленняў і культур. "Многія краіны сёння церпяць ад міжнацыянальнай, рэлігійнай варожасці, упадку маралі, вострых супярэчлівых канфліктаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Думаю, справа ў тым, што плённае развіццё мастацтва патрабуе ўзаемаразумення, а не процістаяння, умацавання гуманістычных традыцый, а не варварскага разбурэння помнікаў культуры і адмаўлення ўсіх устояў грамадства".
Тое, што фестываль — важная культурная падзея, пацвярджаюць прывітальныя тэлеграмы ад прэзідэнтаў Расіі, Чэхіі, Славакіі, Балгарыі і іншых краін. Учора ўпершыню ў ганаровай абстаноўцы каля галоўнай сцэнічнай пляцоўкі «Базару» паднялі сцяг фестывалю. У незабыўнай цырымоніі ўдзельнічалі больш за 200 (!) барабаншчыц, духавыя аркестры, артысты. У цэнтры ўвагі публікі былі два паветраныя шары. Гэтае мерапрыемства ў дырэкцыі плануюць зрабіць традыцыйным.Зрэшты, стала вядома імя лаўрэата Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення». Сёлета гэтага гонару ўдастоіліся маэстра Міхаіл Фінберг і аркестр, якім ён кіруе.
Сёлета толькі ў афіцыйнай праграме каля 130 канцэртаў, шоу, спектакляў, праектаў. Фестываль №1 на постсавецкай прасторы стаў часовым і вельмі ўтульным домам для больш як 5,5 тысячы ўдзельнікаў аж з 44 краін.

У суботу, 16 ліпеня, на «Базары» — Дзень моладзі. Калі задумацца, то за 25 гадоў правядзення фэсту вырасла цэлае пакаленне. Што яго цікавіць, захапляе? Вось гэта і пакажуць хлопцы і дзяўчаты. У праграме парад маладзёжных субкультур «Беларусь у сэрцы маім!». На плошчы Перамогі на працягу ўсяго дня можна будзе з захапленнем паназіраць за выступленнямі скейтбардыстаў, ролераў, мастакоў бодзі-арту. Сваім мастацтвам падзеляцца барды, выхаванцы танцавальных школ краіны, удзельнікі маладзёжных аркестраў і музычных калектываў. Будзе прадстаўлены і фальклор. Вызначаць нават лепшага бармена.Шмат цікавага будзе і на самым юным праекце — фестывалі вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». Артысты пакажуць перформансы, спектаклі, у тым ліку і «тэатр ценяў».Распачнецца XІV Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск-2016». А ў дарослых выканаўцаў адбудзецца першы дзень фіналу конкурсу.
Нашу краіну прадставяць Аляксей Грос і Настасся Жабко. Беларускія ўдзельнікі дарослага і дзіцячага конкурсаў вакалістаў XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Аляксей Грос і Настасся Жабко дастойна прадставяць краіну на форуме. Такім меркаваннем падзяліўся ў Віцебску з журналістамі міністр культуры Барыс Святлоў, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА. "Я назіраў за падрыхтоўкай да конкурсу, меў магчымасць прыязджаць на рэпетыцыі. Думаю, Аляксей Грос і Настасся Жабко складуць дастойную канкурэнцыю ўдзельнікам вакальных конкурсаў фестывалю. Гэта будуць новыя імёны на эстрадным небасхіле. У цэлым і дзіцячы, і дарослы конкурсы абяцаюць быць цікавымі", - адзначыў Барыс Святлоў. Гаворачы аб асаблівасцях цяперашняга фестывалю, міністр культуры падкрэсліў, што арганізатары імкнуліся, захоўваючы традыцыйную форму фестывалю, насыціць яго новым зместам. "Без новых састаўных частак абысціся нельга, інакш гэта будзе нейкае застылае мерапрыемства. Таму ў гэтым годзе праграма фестывалю па часе засталася такой жа, але, тым не менш, насычанасць фестывальных мерапрыемстваў большая. Вельмі моцны складнік - гэта лялечныя і драматычныя тэатры, выяўленчае мастацтва. Дзень моладзі - гэта свежы, цікавы струмень у фестывальным руху. Па-новаму арганізаваны канцэрты, у іх удзельнічае вялікая колькасць знакамітых зорак. Гэта ў добрым сэнсе ветэраны фестывалю, якія, з аднаго боку, зрабілі імя фестывалю, а з іншага - фестываль зрабіў імя гэтым артыстам, даў ім старт у творчае жыццё", - адзначыў Барыс Святлоў. Ён таксама падкрэсліў, што віцебскі форум - гэта "ў добрым сэнсе спалучэнне стыляў і жанраў, гэта цэлы кірмаш, тое, што адпавядае назве "Славянскі базар".