Калегія Міністэрства культуры па выніках работы ў 2016 годзе прайшла ў культурнай сталіцы 2017 года – Бабруйску
У калегіі прынялі удзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь В.І.Жарко, прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, міністэрств і ведамств.
Галоўны вынік Года культуры - павялічаная цікавасць да нацыянальнай культуры. Аб гэтым заявіў у сваім выступленні Міністр культуры Барыс Святлоў. "Галоўным вынікам Года культуры трэба лічыць павялічаную цікавасць шырокіх грамадскіх колаў да нацыянальнай культуры, мовы, літаратуры", - лічыць міністр. Год культуры стаў часам стратэгічных рашэнняў. Прыняты Кодэкс аб культуры і дзяржаўная праграма "Культура Беларусі" на 2016-2020 гады. Рэалізаваны новыя культурныя ініцыятывы - рэспубліканскія конкурсы "Чалавек Года культуры", "Горад культуры ў Год культуры", "Геній-стартап", "Бела-тон", нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва. Разам з тым міністр адзначыў ацэнку кіраўніка дзяржавы аб тым, што мінулы год не стаў часам істотных дасягненняў, і гэта сігнал, каб разабрацца, якія крокі неабходна зрабіць для паляпшэння сітуацыі, сказаў Барыс Святлоў.
Амаль Br2,5 млрд запланавана на забеспячэнне дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2016-2020 гады. Аб гэтым паведаміў на калегіі Міністэрства культуры Беларусі па выніках работы ў 2016 годзе кіраўнік ведамства Барыс Святлоў. Аб'ём бюджэтных сродкаў у 2016 годзе склаў Br386,6 млн. Усімі абласцямі і горадам Мінскам перавыкананы паказчык дзяржаўнага сацыяльнага стандарту сродкаў на культуру.
За 2016 год памер сродкаў, атрыманых ад пазабюджэтнай дзейнасці, склаў Br133,9 млн, што на 8,9 працэнта больш, чым у 2015-м. Аб'ём экспартных паслуг склаў $4,4 млн, або на 18 працэнтаў больш.
Агульная сума спонсарскай дапамогі склала Br6,2 млн, або на 3,3 працэнта больш.
У 2017 годзе арганізацыі культуры павінны забяспечыць павышэнне аб'ёму пазабюджэтных сродкаў не менш як на 9 працэнтаў, якія будуць накіраваны на стымуляванне аплаты працы.
Пасля пасяджэння калегіі адбылася ўрачыстая цэремонія ўзнагароды пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Чалавек Года культуры”, перадача эстафеты ад Года культуры Году навукі, а горад Бабруйск прыняў статус культурнай сталіцы Беларуси 2017 года.