Калегія Міністэрства культуры па выніках работы ў 2017 годзе і задачах на 2018 год прайшла ў Нацыянальнай бібліятэке
Мінкультуры Беларусі ў 2018 годзе сканцэнтруецца на распрацоўцы і рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі. Аб гэтым заявіў на калегіі ведамства па выніках работы ў 2017 годзе міністр культуры Юрый Бондар. Паводле слоў міністра, карэнным чынам зменіцца сітуацыя, калі ведамства займаецца вырашэннем шматлікіх задач, выконваючы "ролю святочнага агенцтва, прадзюсарскага цэнтра, цэнтралізаванай бухгалтэрыі і філіяла будтрэста адначасова". Пры гэтым ведамства не мае дастаткова часу і сіл, каб "заняцца галоўным - распрацоўкай і рэалізацыяй дзяржаўнай культурнай палітыкі". Мінкультуры стане ідэалагічным, прававым і кадравым штабам галіны. А ўся паўната адказнасці за творчыя і эканамічныя вынікі, за дабрабыт людзей ляжа на кіраўнікоў устаноў, заявіў Юрый Бондар. "Эпоха "чырвоных дырэктараў", якія будуюць работу зыходзячы з асабістых інтарэсаў і амбіцый на шкоду справе, адыдзе ў мінулае. Мы дадзім вам свабоду дзейнасці, але пры гэтым будзем патрабаваць за рэзультат", - сказаў міністр. "Культура прызначана выйсці з амплуа вечнай Папялушкі. У 2018 годзе мы павінны гучна заявіць аб сабе, справай даказаць сваю жыццёвую неабходнасць грамадству. Гэта стане першым крокам насустрач змяненням стаўлення грамадства да культуры, прызнання, у тым ліку эканамічнага, яе ролі як духоўнага гаранта незалежнасці беларускай дзяржавы", - упэўнены кіраўнік ведамства. Юрый Бондар таксама закрануў тэму ўдасканалення заканадаўства ў сферы культуры. Паводле яго пераканання, праекты актаў заканадаўства, якія распрацоўваюцца міністэрствам, могуць значна паўплываць на ўмовы ажыццяўлення дзейнасці ў сферы культуры. "Менавіта таму мы зробім акцэнт на тым, каб выносіць будучыя законапраекты на шырокае грамадскае абмеркаванне, разглядаць іх з прыцягненнем прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, экспертаў, зацікаўленых асоб", - сказаў ён.
Установам культуры трэба навучыцца зарабляць. Такую задачу паставіў на калегіі Міністэрства культуры Беларусі. Аб'ём бюджэтных сродкаў на ўтрыманне і развіццё сферы культуры ў 2017 годзе склаў Br425,2 млн, або 0,41 працэнта ад ВУП, што на 0,01 працэнта больш, чым у 2016 годзе. Расходы на культуру з разліку на аднаго жыхара ў сярэднім па рэспубліцы пры ўстаноўленым нарматыве 1,3 базавай велічыні склалі 1,7 базавай велічыні. Сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці арганізацый сферы культуры ў мінулым годзе, склалі Br147,6 млн, што на 10,2 працэнта больш, чым у 2016 годзе. Тэмп росту пазабюджэтных даходаў забяспечылі ўсе вобласці, сказаў міністр. Тым не менш гэта не падстава для самазаспакаення, лічыць Юрый Бондар. "Сфера культуры пакуль так і не навучылася зарабляць, а яе развіццё ў вялікай ступені залежыць ад асігнаванняў з дзяржаўнага бюджэту. Работа нашых арганізацый арыентавана ў асноўным на даволі вузкі ўнутраны рынак. Рост даходаў у сферы культуры значна адстае ад росту, напрыклад, турыстычнага рынку, але ж гэта ўзаемазвязаныя галіны. Нават увядзенне бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 дзяржаў не стала падставай для пераарыентацыі дзейнасці ўстаноў культуры з улікам пашырэння патоку замежных турыстаў", - адзначыў міністр. Паводле яго слоў, у многіх арганізацыях культуры адсутнічаюць простыя, але эфектыўныя інструменты прыцягнення гледачоў і наведвальнікаў - "жывыя" сайты з перакладам на некалькі замежных моў, не забяспечана прысутнасць у сацыяльных сетках. Доля пазабюджэтных сродкаў у агульным аб'ёме фінансавання арганізацый сферы культуры ў мінулым годзе павялічылася вельмі нязначна і склала 20,9 працэнта (у 2016 годзе - 20,4 працэнта). За мінулы год прыцягнута на 4 працэнты больш спонсарскай дапамогі - Br6,42 млн, у 2016 годзе - Br6,17 млн. Разам з тым эфектыўна працуюць са спонсарамі адзінкавыя ўстановы: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Вялікі тэатр, Нацыянальны мастацкі музей. Міністр адзначыў, што за 2017 год прагназуецца аб'ём экспарту паслуг у суме $4,6 млн (рост на 5,5 працэнта). Найбольшы аб'ём экспарту паслуг забяспечаны ўстановамі адукацыі: у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў гэты паказчык наблізіўся да $2 млн, а гэта 52 працэнты ад агульнага экспарту ўсіх устаноў адукацыі сферы культуры. Яшчэ 20 працэнтаў дае Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. Астатнім арганізацыям неабходна праводзіць канкрэтныя маркетынгавыя даследаванні патэнцыяльных рынкаў экспарту паслуг, каб знайсці сваё месца, лічыць Юрый Бондар. Міністр назваў асноўныя задачы на 2018 год у сферы эканомікі культуры: забеспячэнне росту пазабюджэтных (уласных) сродкаў арганізацый культуры не менш як на 6 працэнтаў да ўзроўню 2017 года; павелічэнне аб'ёму экспарту паслуг; забеспячэнне росту заработнай платы за кошт нарошчвання даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, аптымізацыі структуры і колькасці работнікаў; актывізацыя работы па прыцягненні спонсарскай дапамогі ў сферу культуры.

У Беларусі неабходна стварыць эфектыўную і рэсурсазабяспечаную сістэму захавання аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Такое меркаванне выказаў на калегіі Міністэрства культуры Беларусі па выніках работы ў 2017 годзе кіраўнік ведамства Юрый Бондар. Забеспячэнне аховы гісторыка-культурнай спадчыны з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры, адзначыў міністр. "У 2017 годзе арганізавана правядзенне работ па ўмацаванні схілу на замку ў Навагрудку, кансервацыі вежы Крэўскага замка, рэканструкцыі Старога замка ў Гродне і іншых. На 144 гісторыка-культурных каштоўнасцях у 2017 годзе завершаны рамонтна-рэстаўрацыйныя работы і створаны адпаведныя ўмовы іх выкарыстання. "Практыка работы ў 2017 годзе паказвае, што неабходна ствараць эфектыўную і рэсурсазабяспечаную сістэму захавання аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, якая дазваляе пастаянна павялічваць долю адрэстаўрыраваных і маючых адпаведнае функцыянальнае прызначэнне помнікаў архітэктуры. Такая задача, у тым ліку, пастаўлена Дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2016-2020 гады", - сказаў Юрый Бондар. Разам з тым амаль 300 гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці (каля 9 працэнтаў ад агульнай колькасці), не выкарыстоўваюцца або іх стан з'яўляецца нездавальняючым. Адсутнічаюць своечасовыя рашэнні па захаванні такіх аб'ектаў. Па сутнасці, такая сітуацыя адбылася ў Мсціславе ў канцы 2017 года ў сувязі з абрушэннем часткі даху былога касцёла. Міністр звярнуў увагу мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія павінны прымаць меры па перадачы невыкарыстоўваемых помнікаў архітэктуры новым уласнікам і вызначаць прывабныя ўмовы іх выкарыстання. Магчымасці для гэтага створаны, падкрэсліў Юрый Бондар. Ён лічыць, што неабходна наладзіць работу з айчынным бізнесам, паколькі працэс умацавання нацыянальнай ідэнтычнасці, захавання ўнікальнасці і самабытнасці, у тым ліку і праз захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей у гэтым сегменце велізарны. Асноўнымі задачамі ў галіне захавання гісторыка-культурнай спадчыны на 2018 год, паводле слоў міністра, павінны стаць стымуляванне зацікаўленасці фізічных і юрыдычных асоб у захаванні аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны пры перадачы іх у карыстанне і ўласнасць, павышэнне адказнасці карыстальнікаў і ўласнікаў аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны за парушэнне заканадаўства аб ахове аб'ектаў культурнай спадчыны, развіццё механізмаў па прыцягненні дадатковых рэсурсаў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, забеспячэнне распрацоўкі і рэалізацыі рэгіянальных мэтавых праграм па захаванні, у тым ліку інвентарызацыі, маніторынгу стану, рэстаўрацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, павышэнне ўзроўню кваліфікацыі спецыялістаў на месцах, на якіх ускладзены функцыі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Для папулярызацыі культуры Беларусі магчыма стварэнне праекта "100 шэдэўраў Беларусі", лічыць міністр. Гэта дасць магчымасць прыцягнуць увагу да ўнікальных архітэктурных збудаванняў і нематэрыяльных элементаў культуры.
План мерапрыемстваў па арганізацыі гастрольнай дзейнасці ўстаноў культуры ў рэгіёнах даручыў выпрацаваць выканкамам на падагульняючай калегіі Міністэрства культуры намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Жарко. Неабходна звярнуць увагу на пытанні развіцця культуры ў рэгіёнах, адзначыў Васіль Жарко. Паводле яго слоў, у раённых цэнтрах не такія частыя выступленні вядомых артыстаў, выставы нацыянальных музеяў, спектаклі вядучых тэатраў. Пры гэтым у краіне 28 дзяржаўных тэатраў, 21 тэатральна-відовішчная арганізацыя, 150 музеяў, два цыркі. Колькасць канцэртаў у 2010 годзе для жыхароў аграгарадкоў склала 1 тыс. 58, а ў 2016-м толькі 508. За апошнія гады колькасць канцэртаў, арганізаваных філармоніямі, зменшылася ў два разы. Для арганізацыі гастрольнай работы створаны ўсе ўмовы, ёсць стабільнае фінансаванне, прадугледжаны сродкі на стварэнне новых спектакляў і праграм, падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра. Васіль Жарко даручыў выканкамам выпрацаваць план мерапрыемстваў па арганізацыі гастрольнай дзейнасці ўстаноў культуры рэспублікі ў рэгіёнах.
Ад Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", з завяршэннем рэканструкцыі якой створаны ўсе неабходныя ўмовы для работы, чакаюць запатрабаванага айчыннага кіно. Аб гэтым заявіў віцэ-прэм'ер Васіль Жарко на падагульняючай калегіі Міністэрства культуры. "У бюджэце запланаваны сродкі на кінавытворчасць. Задача перад Нацыянальнай кінастудыяй - стварэнне запатрабаванага айчыннага кіно. Таксама неабходна прасоўваць прадукцыю на знешнія рынкі. Трэба вучыцца шукаць партнёраў па сумесных праектах, у тым ліку з недзяржаўным сектарам, працаваць з тэлеканаламі", - сказаў ён. Васіль Жарко таксама закрануў тэму арганізацыі ў Беларусі міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" і ІІ Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. Гаворачы аб песенным форуме, віцэ-прэм'ер выказаў упэўненасць у тым, што конкурс можна арганізаваць на высокім узроўні, і даручыў пачынаць работу па пошуку і падрыхтоўцы прадстаўніка ад Беларусі. Для гасцей ІІ Еўрагульняў неабходна дасканала прадумаць усе пытанні арганізацыі іх вольнага часу. У тым ліку важна ў тэатрах, музеях прапанаваць турыстам мерапрыемствы, якія могуць быць ім цікавыя, дадаў віцэ-прэм'ер.-
Сістэма падрыхтоўкі кадраў у сферы культуры патрабуе пастаяннага абнаўлення. "Мы захавалі сістэму мастацкай і музычнай адукацыі на ўсіх узроўнях. Маем добрую базу ў навучальных установах, педагогаў. Але сёння трэба ставіць пытанне не аб колькасці, а аб якасці падрыхтоўкі", - сказаў Васіль Жарко. Віцэ-прэм'ер даручыў Міністэрству культуры прааналізаваць пытанні падрыхтоўкі кадраў. "Я не заклікаю непрадумана скарачаць установы і спецыяльнасці, але трэба лічыць кожны рубель і атрымліваць аддачу", - адзначыў ён. Ведамству неабходна прааналізаваць пытанні падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне цяпер і на перспектыву, тэрміны навучання, якія, на думку віцэ-прэм'ера, завышаны. Васіль Жарко закрануў таксама пытанне замацавання кадраў на месцах. Каля 30 працэнтаў маладых спецыялістаў не застаюцца працаваць пасля заканчэння тэрміну размеркавання. У мінулым годзе на мэтавую падрыхтоўку ў сярэднія навучальныя ўстановы прыняты толькі 122 чалавекі, а гэта 9 працэнтаў ад агульнай колькасці паступіўшых у каледжы культуры. З трох вышэйшых навучальных устаноў культуры толькі Універсітэт культуры прыняў 9 мэтавікоў. У бягучым годзе неабходна выправіць гэту сітуацыю, дадаў ён. Закраналася тэма работы з таленавітай моладдзю. У краіне створаны банк даных таленавітай моладзі, у якім амаль 1 тыс. 600 таленавітых маладых людзей, якія з'яўляюцца кадравым патэнцыялам галіны. Пры гэтым моладзь часта застаецца незапатрабаванай, а становіцца вядомай у суседніх краінах.