ХХІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна – 2023»
ХХІI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі пройдзе з 9 па 10 чэрвеня 2023 г.
На працягу двух фестывальных дзён запланавана больш за 50 мерапрыемстваў.
Таксама арганізатарамі ў праграму фестывалю ўключаны шэраг новых мерапрыемстваў на Цэнтральнай плошчы горада, сярод якіх вячэрні паказ мастацкіх фільмаў пад адкрытым небам, крэатыўная прастора для моладзі "АРТ-ФЭСТ", маладзёжная дыскатэка "ФэстМ" з удзелам DJ Мінскай вобласці і радыё "Маладзечна FM" і многія іншыя.
Урачыстае адкрыццё ХХІI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна - 2023" адбудзецца на сцэне Летняга амфітэатра 9 чэрвеня 2023 г. у 21.00. Жыхары і госці горада ўбачаць канцэртную праграму з удзелам артыстаў тэлевізійных праектаў "Х-Фактар", "Фактар.BY" у суправаджэнні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга".
Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ўпершыню пройдзе ў другі дзень фестывалю, 10 чэрвеня 2023 г. у канцэртнай зале Палаца культуры г.Маладзечна. Упершыню Белтэлерадыёкампанія будзе ажыццяўляць прамую трансляцыю ІІ і ІІІ тураў рэспубліканскага этапа конкурсу. Лепшы з канкурсантаў стане ўладальнікам Гран-пры і спецыяльнага прыза Уладзіміра Мулявіна - крыштальнай гітары.
10 чэрвеня 2023 г. у 21.00 на сцэне Летняга амфітэатра адбудзецца гала-канцэрт закрыцця фестывалю ”Любімыя песні. Спяваем разам“. На сцэне прагучаць сучасныя беларускія эстрадныя хіты, якія выканаюць вядомыя артысты і прадстаўнікі таленавітай моладзі. Перад пачаткам канцэрта адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
Арганізатарамі фестывалю з'яўляюцца Міністэрства культуры, Мінскі аблвыканкам, Маладзечанскі райвыканкам, Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга", Белтэлерадыёкампанія.