adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

ХХVI Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» пройдзе ў Брэсце з 9 па 16 верасня

07.09.2022

Верасень у Брэсце - доўгачаканае свята для аматараў тэатральнага мастацтва. 26-ы раз калектывы з розных краін свету прыязджаюць да нас, каб прыняць удзел у фестывалі «Белая вежа».

З 1996 года наш тэатральны форум знаёміць жыхароў горада Брэста з мастацкімі традыцыямі сусветных тэатраў, нацыянальным сцэнічным мастацтвам Беларусі і сучаснымі тэатральнымі кірункамі. За 26 гадоў існавання сыграна больш за 700 спектакляў, 58 дзяржаў свету склалі геаграфію «Белай вежы».

Чым жа парадуе нас тэатральны верасень сёлета?

Шляхам прафесійнага адбору экспертны савет сфармаваў рэпертуарную афішу тэатральнага форума. У фестывалі прымуць удзел драматычныя, музычныя, вулічныя тэатры і тэатры лялек з 9 краін свету: Беларусі, Арменіі, Балгарыі, Грэцыі, Даніі, Кыргызстана, Польшчы, Расіі, Узбекістана.

У праграму фестывалю ўключана 26 пастановак ад 25 тэатральных калектываў.

Паказ спектакляў адбудзецца на 7 мовах: беларускай, рускай, армянскай, англійскай, польскай, балгарскай і кіргізскай.

Пастаноўкі пройдуць на 5 пляцоўках горада: у вялікай і малой залах Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, Брэсцкім тэатры лялек, на Плошчы Леніна і ў Армейскім клубе Брэсцкай крэпасці.

Праграму фестывалю складуць драматычныя пастаноўкі, сярод якіх:

  • «№6» Абавянскага драматычнага тэатра (Абавян, Арменія);
  • «Агнес, жонка Уіла» Адкрытай сцэны «Слёзы і смех» (Сафія, Балгарыя);
  • «Дурман, або Гульня ўяўлення» Дацка-расійскага тэатра «Дыялог» (Капенгаген, Данія), рэжысёр спектакля – Жанна Герасімава (Польшча);
  • «Эсімдзе» Бішкекскага гарадскога драматычнага тэатра імя А. Умураліева (Бішкек, Кыргызстан);
  • «Дні Турбіных» Ніжагародскага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга акадэмічнага тэатра драмы імя М. Горкага (Ніжні Ноўгарад, Расія);
  • «Камеліі для дамы» Смаленскага дзяржаўнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя А.С. Грыбаедава (Смаленск, Расія);
  • «#ЭтоВсёОна» Творчага аб'яднання #тэатр_чо (Масква, Расія). Калектыў тэатра быў узнагароджаны спецыяльным дыпломам «За новую шчырасць» на XXIV фестывалі «Белая вежа».
Акрамя драматычных пастановак у гэтым годзе будуць прадстаўлены спектаклі тэатра лялек для дарослай і дзіцячай аўдыторыі:
  • «Шынель» Белгарадскага дзяржаўнага тэатра лялек (Белгарад, Расія) у пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктара Клімчука;
  • «Старасветскія памешчыкі» Гродзенскага абласнога тэатра лялек (Гродна, Беларусь). Рэжысёр спектакля Алег Жугжда на XVIII фестывалі «Белая вежа» быў адзначаны дыпломам за Лепшы спектакль малой формы - «Пікавая дама»;
  • «Дзіўныя прыгоды паноў Кубліцкага і Заблоцкага» Магілёўскага абласнога тэатра лялек (Магілёў, Беларусь) у пастаноўцы Ігара Казакова, добра знаёмага гледачу па спектаклю Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы «Мяшчанскае вяселле»;
  • «Снягурачка» Чувашскага дзяржаўнага тэатра лялек (Чабаксары, Чувашыя, Расія);
  • «Жыццё» Брэсцкага тэатра лялек (Брэст, Беларусь);
  • «Мыйдадзір» Арлоўскага тэатра лялек (Арол, Расія).
  • Афіша парадуе гледачоў музычнымі пастаноўкамі і вулічным спектаклем:

  • «L'amour, l'amour – Каханне, каханне» Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (Мінск, Беларусь);
  • «Зорка кахання» Народнага маладзёжнага тэатра «Кола» (Віцебск, Беларусь);
  • Па традыцыі, у праграме фестывалю вы ўбачыце монаспектаклі:

  • «Я люблю і любiма» Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Узбекістана (Ташкент, Узбекістан);
  • «Буйваліца» МТФ «Armmono» (Ерэван, Арменія);
  • «Сны Гамлета» МТФ «Armmono» (Ерэван, Арменія);
  • «Маё каханне – Антон Чэхаў» Дацка-расійскага тэатра «Дыялог» (Капенгаген, Данія), рэжысёр спектакля – Ілля Баравіцкі (Ізраіль);
  • «Касандра» Прыватнага тэатральнага праекта Дзеспаіны Сарафіду (Афіны, Грэцыя);
  • «Наперадзе і ззаду» Прыватнага тэатральнага праекта Матэвуша Новака (Люблін, Польшча).

Работы дзесяці творчых калектываў з Беларусі стануць удзельнікамі форуму. Пастаноўкі прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. Экспертны савет надаў адмысловую ўвагу таму, каб у афішы быў прадстаўлены найшырокі спектр мастацкіх магчымасцяў нашага нацыянальнага сцэнічнага мастацтва. У афішу ўвайшлі музычныя і плошчавыя паказы, спектаклі тэатраў лялек, а таксама лепшыя авангардныя і класічныя драматычныя пастаноўкі беларускіх тэатраў:

  • «Пачупкі» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (Мінск). Рэжысёр спектакля Яўген Карняг запомніўся гледачам фестывалю, летась яго пастаноўка «Шлюб з ветрам» была адзначана дыпломам за Лепшы спектакль;
  • «Ціха тут досвіткам» паводле аповесці Барыса Васільева «А зоры тут ціхія…» у выкананні Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра (Гомель, Беларусь);
  • «Бяда ад далікатнага сэрца» Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра (Магілёў, Беларусь);
  • «Не пакідай мяне…» Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы (Брэст, Беларусь);
  • «Альпы. Сорак першы» Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача (Мінск, Беларусь).

Адкрые фестывальную праграму спектакль «Не пакідай мяне…» Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы – 9 верасня ў вялікай зале БАТД (г. Брэст, вул. Леніна, 21). Закрыццё таксама пройдзе ў вялікай зале тэатра - 16 верасня, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прадставіць спектакль «Пачупкі».

Вядучымі ўрачыстай цырымоніі адкрыцця XXVI Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая вежа» плануюцца Вера Палякова-Макей і Леанід Аркадзьевіч Якубовіч. Пачатак - 18.00.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы.

arrow
arrow