adress г. Мінск, 220004, пр. Пераможцаў, 11

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Каманда Міністэрства культуры на чале з Міністрам Анатолем Маркевічам прыняла ўдзел у рэспубліканскім суботніку

26.04.2023

Супрацоўнікі ведамства правялі работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі археалагічнага комплексу X-XI стагоддзяў каля вёскі Гарадзішча на рацэ Менка, а таксама тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту адносіцца да тыпу музеяў пад адкрытым небам або музеяў-скансэнаў. Музеі гэтага тыпу - гэта адна з форм захавання і паказу помнікаў гісторыі і культуры ў блізкім да натуральнага асяроддзi.

Дэманструючы народную, традыцыйную культуру краіны ў адзінстве яе рэгіянальных і лакальных асаблівасцей, Беларускі скансэн адносіцца да музеяў этнаграфічнага комплекснага профілю рэспубліканскага значэння.

Важным элементам экспазіцыі музея пад адкрытым небам з'яўляецца ландшафт. Беларускі скансэн адносна малады ў параўнанні з аналагічнымі музеямі свету.

Сёння ў склад экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ўваходзяць каля 40 аб'ектаў, частка якіх знаходзіцца ў стадыі рэстаўрацыі.

10 чэрвеня 2023 года ў музеі пройдзе 3-ці фестываль сярэднявечнай культуры "Над Менкай".

Запрашаем вас здзейсніць вандраванне ў далёкія рамантызаваныя часы Сярэднявечча, каб адчуць дыханне гісторыі, убачыць і зразумець побыт, якому больш за 500 гадоў.

Вас чакаюць:

- Паказальныя сярэднявечныя баі;

- Розныя майстар-класы ад музейшчыкаў і членаў клубаў гістарычнай рэканструкцыі (сярэднявечныя танцы, кулінарыя, фехтаванне);

- Рыцарскі турнір;

- Лучны цір;

- Выступленне музычных калектываў і многае іншае.

Па берагах ракі Менкі пры ўпадзенні ручая Дунай паблізу вёскі Гарадзішча, знаходзяцца старажытнае гарадзішча і рэшткі некалькіх вялікіх селішчаў. Па здагадцы навукоўцаў, менавіта тут знаходзіўся далетапісны Мiнск.

Багацце археалагічнага матэрыялу IX-XI стст. і аналіз летапісных звестак дазволілі гісторыку А.Я. Ясінскаму ў канцы 1920-х гадоў меркаваць, што тут першапачаткова размяшчаўся полацкі горад Мінск. Гіпотэзе быў прысвечаны неапублікаваны артыкул вучонага (вядомы спецыялістам), у друку ж гэтыя звесткі ўпершыню з'явіліся ў «Малой савецкай энцыклапедыі» ў 1937 годзе: «Спачатку ён знаходзіўся на рацэ Менцы, у 1066 быў разгромлены, спалены кіеўскім князем Ізяславам і перанесены на р. Свіслач».

Археолагі знаходзілі тут рэшткі посуду, зброю, упрыгожванні, артэфакты са Скандынавіі, Візантыі і Егіпта, скарбы. Вакол гарадзішча было сканцэнтравана шмат паселішчаў - усяго яны займалі каля 30 гектараў, а шчыльнасць насельніцтва тут была адной з самых высокіх у Полацкім княстве. Так што можна лічыць, што гэта быў мегаполіс дзясятага стагоддзя. Па словах гісторыка Г.В. Штыхава, "іншага такога вялікага раннефеадальнага селішча ў Беларусі не захавалася".

Археалагічнаму комплексу Гарадзішча прысвоена другая катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці - нацыянальнага значэння.

Адпаведны ахоўны знак сёння ўстанавілі Міністр культуры Анатоль Маркевіч і дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза.

Як паведаміў журналістам намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Леанід Заяц, па выніках рэспубліканскага суботніка сабрана больш як Br12 млн.

"Меркавалі, што будзе каля Br12 млн, а на сёння, паводле нашых даных, ужо ёсць Br12,3 млн. Нямала людзей прынялі ўдзел у суботніку. Прыведзены ў парадак пахаваннi часоў Вялікай Айчыннай вайны, мемарыялы, комплексы, памятныя мясціны, убраны скверы, паркі, прыдарожныя палосы. Частка насельніцтва брала ўдзел у пасадцы лесу", - сказаў Леанід Заяц.

Згодна з пастановай Урада Рэспублікі Беларусь, усе грошы, атрыманыя на рэспубліканскім суботніку, перавялі ў два беларускія рэгіёны: Брэстчыну і Гомельшчыну.

Палову сродкаў атрымаў Брэсцкі аблвыканкам на стварэнне рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. А яшчэ 50% заробленых сродкаў перавялі ў Гомельскі аблвыканкам для правядзення рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці, які размяшчаецца ў Калінкавіцкім раёне.












arrow
arrow